Юрась Губарэвіч: Насельніцтва найбольш хвалюе тэма здароўя



Паездкі па рэгіёнах і сустрэчы з людзьмі падчас праймерызу паказалі, што насельніцтва зараз найбольш хвалюе тэма здароўя і бяспекі, кажа старшыня Руху”За свабоду” Юрась Губарэвіч.

І тут на першае месца выходзіць пытанне каронавіруса і тое, наколькі дзяржаўная палітыка ў сферы забеспячэння здароўя і абмежавання распаўсюджвання гэтай хваробы рэальна адпавядае бравурным заявам, якія гучаць з вуснаў кіраўніцтва Беларусі:

– Хацелася б спадзявацца, што ў Беларусі ўсё лакалізавана, усё пад кантролем. Калі мы паглядзім на сітуацыю ў суседніх краінах, дзе на парадак больш магчымасцяў і медычных рэсурсаў, больш разважліва ставяцца да пытання распаўсюду вірусу. Там прадпрымаюць папераджальныя меры, на якія яшчэ не пайшла Беларусь.

Па словах Юрася Губарэвіча, сітуацыя з каронавірусам можа паўплываць і на планы дэмакратычнай апазіцыі. У прыватнасці, на правядзенне Дня Волі і далейшага ходу праймерызу па вызначэнню адзінага кандыдата.

„Немагчыма праводзіць гэтыя мерапрыемствы без удзельнікаў. Таму што людзі не прыйдуць, калі пабачаць рэальную небяспеку. А яна будзе ацэньвацца па тым, якія сігналы ідуць з боку дзяржаўных органаў і наколькі супадаюць з рэальным становішчам. Калі раптам апынецца, што ўлада будзе прыхоўваць нейкую інфармацыю, а яна так ці інакш прарвецца, то ў насельніцтва можа ўзнікнуць нават паніка”, – папярэджвае Юрась Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя