Юрась Губарэвіч: Ніякіх саступак беларускай уладзе з боку ЕЗ не было



Днямі ў Менск прыязджалі прадстаўнікі Еўразвяза, зараз міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір здзяйсняе рабочы візіт у Польшчу, дзе сустрэнецца з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаславам Сікорскім. Аб тым, ці зменяцца беларуска-еўрапейскія стасункі пасля Менскага саміта, распавядае намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Відавочна, можна прагназаваць нейкае паляпшэнне ў адносінах. Так удала склаліся ўмовы для беларускага рэжыма, што Беларусь з’яўляецца нейтральнай пляцоўкай паміж Расеяй і Украінай, на якой можна вырашаць “украінскае пытанне”. Тут перадусім варта адзначыць, што павестка Менскай сустрэчы тычылася не беларускіх пытанняў і казаць аб тым, што адбыліся нейкія змены ў справах і дачыненнях паміж Беларуссю і Еўразвязам немагчыма. Пытанне ж палітвязняў не вырашана, не зроблены іншыя крокі на шляху да дэмакратызацыі. Але, думаю, перамовы могуць адбывацца і ў дадзенай сітуацыі, калі беларуская ўлада гатовая ісці на іх. Раней адсутнасць адпаведнага жадання з боку афіцыйнага Менска спрыяла замарожванню сітуацыі. Паглядзім на вынікі сустрэчы Макея і Сікорскага. Магчыма, відавочныя змены адбудуцца ўжо ў бліжэйшы час.

РР: Еўропу, напэўна ж, цікавіць пазіцыя Беларусі ў расейска-украінскім канфлікце…

Юрась Губарэвіч: Мяркую, што Беларусь будзе прытрымлівацца паслядоўнага нейтралітэта. Канфлікт цягнецца ўжо досыць доўгі час, і Лукашэнка ад пачатку заявіў, што не будзе прымаць нейкі адзін бок. Нягледзячы на тое, што беларуская ўлада шмат у чым залежыць ад Крамля, новае ўкраінскае кіраўніцтва яна таксама прызнала. Еўропу гэта, безумоўна, задавальняе.

РР: Многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі крытыкуюць Еўразвяз за тое, што яго прадстаўнікі згадзіліся прыехаць у Менск у той час, калі ў краіне застаюцца палітвязні. Ваша меркаванне з гэтай нагоды?

Юрась Губарэвіч: Паўтаруся, прадстаўнікі, Еўразвяза прыязджалі ў беларускую сталіцу вырашаць не беларускія праблемы, а таму што вайна ва Украіне – гэта на сёння пытанне нумар адзін у Еўропе. Беларусь – усяго толькі прадастаўленая для перамоваў тэрыторыя. Таму ніякіх саступак беларускай уладзе не было. Проста час такі, што канфлікт ва Украіне не пакідае месца для высвятленне іншых адносінаў. А пытанне палітвязняў, натуральна, застаецца. Не даводзіцца казаць, што яно згубіла актуальнасць у вачах Еўропы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя