Юрась Губарэвіч: Пададзена заяўка на традыцыйны Чарнобыльскі шлях
У Менгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне ў Менску 26 красавіка традыцыйнага Чарнобыльскага шляху, шэсця і мітынгу ў памяць ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Па словах старшыні Руху „За Свабоду” і сябра аргкамітэта па падрыхтоўцы Чарнобыльскага шляху Юрася Губарэвіча, рашэнне па заяўцы сябрамі аргкамітэту было прынята адзінагалосна.
– Маршрут выбраны традыцыйны, з месцам збору каля Акадэміі навук. 26 красавіка – гэта працоўны дзень. Таму час збору плануецца ў 18.00. Адпаведна першае мерапрыемства пройдзе яшчэ на самой пляцоўцы. Пасля чарнобыльскае жалобнае шэсце да капліцы ў парку Дружбы народаў. І там, на завяршэнне мерапрыемства, да 21.30 адбудзецца жалобны мітынг і пройдзе супольная малітва.
Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў: Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За Савбоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Руху салідарнасці „Разам”, Беларускай партыі „Зялёныя” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя