Юрась Губарэвіч: Праймерыз працягнецца



Па словах старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, адыход ад удзелу ў праймерыз сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца і намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, а таксама Партыі БНФ, не павінен спыніць працэдуру выбару адзінага кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі.

– Праймерыз працягнецца, і пра гэта было заяўлена адразу пасля вось гэтых навінаў пра сыход двух кандыдатаў і адной структуры. І мы не бачым ніякай нагоды, каб здраджваць інтарэсам грамадзян Беларусі, якія зацікаўленыя ў аб’яднанні апазіцыі і супольнай кампаніі розных партый на аднаго кандыдата, які мусіць кінуць выклік сённяшнім уладам Беларусі.

Як адзначыў Юрась Губарэвіч, дзверы дэмакратычнай кааліцыі, якая арганізавала народнае галасаванне па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, адчынены і ў любы момант тыя, хто сышоў, могуць вярнуцца назад, а таксама могуць далучыцца і іншыя структуры, каторыя падзяляюць нашы каштоўнасці і мэты.

Беларускае Радыё Рацыя