Юрась Губарэвіч: Проста нахабная фальсіфікацыя (абноўлена)
Лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, давераная асоба кандыдаткі ў дэпутаты Наталлі Гарачкі, выклікаў міліцыю на адзін з выбарчых вучасткаў у Менску, дзе назіральнік зафіксаваў завышэнне яўкі ў 10 разоў.
Паводле звестак Юрася Губарэвіча, на ўчастку 571 у першы дзень галасавання афіцыйна зафіксавана, што прагаласавалі 109 чалавек, а назіральнік Уладзімір Шыла зафіксаваў толькі 11 чалавек.
– Прыносяць бланк адміністрацыйнай справы. Будуць праводзіць апытанне, пасля перакідваць гэта ў тэрытарыяльную камісію, маўляў, разбірайцеся, міліцыя тут не пры чым. Тут рэальнае крымінальнае злачынства, якое вельмі проста правяраецца, якое можна зафіксаваць, калі падысці да журнала ўліку выбарцаў і паглядзець, што там усяго толькі 10 подпісаў замест 109, якія намалявала камісія. Можна нават зазірнуць у выбарчую скрыню. Там нейкія сумныя 10 бюлетэняў ляжыць, замест неабходных 109, якія яны нават не сталі ўкідваць. Яны ўкінуць пазней – заўтра ўначы. Міліцыя адмаўляецца ўзбуджаць крымінальную справу.
Губарэвіч настойваў, што зафіксаваныя злачынствы, якія падпадаюць пад артыкул 192 Крымінальнага кодэкса (парушэнне заканадаўства аб выбарах) і 427 (службовы падлог). Скаргу кіраўніку аддзялення міліцыі ад Губарэвіча прынялі.
***
Давялося выклікаць міліцыю на выбарчыя участкі, каб зафіксаваць парушэнні, пісаць заявы, каб распачыналі крымінальныя справы. Кіраўнік Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч выклікаў супрацоўнікаў міліцыі на участак №571 па Мінскай-Усходняй выбарчай акрузе №107. Яго ўразілі маніпуляцыі з лічбамі выдадзеных для галасавання бюлетэняў. Ён даў тлумачэнні па факце фальсіфікацыі пратакола датэрміновага галасавання за першы дзень. У нашым эфіры Юрась Губарэвіч патлумачыў сутнасць сваіх прэтэнзій да выбарчых камісій.
– Пасля першага дня датэрміновага галасавання ў назіральнікаў з’явілася шмат сведчанняў накруткі яўкі. Тыя сябры Руху «За Свабоду», якія назіралі ўвесь дзень, не сыходзячы з участка, налічвалі толькі па 11-13 чалавек, якія з’явіліся прагаласаваць, са здзіўленнем для сябе азнаёміліся з пратаколамі, дзе напісана пра 109, альбо пра 138 прагаласаваўшых. Натуральна што гэта можна разглядаць як падлог службовых дакументаў, і ў Крымінальным кодэксе ёсць некалькі адпаведных артыкулаў.
Супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся прымаць заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце фальсіфікацыі дадзеных па галасаванні. Адразу пасля гэтага стала вядома, што на назіральніка ад Руху „За Свабоду”, які выклікаў міліцыю на ўчастак, камісія склала акт за тое, што ён замінае працы камісіі. Больш таго міліцыя таксама папярэдзіла Юрася Губарэвіча, што калі яшчэ ад яго такія званкі паступяць па лініі 101, на яго могуць скласці пратакол, за нібыта ілжывыя выклікі міліцыі.
Беларускае Радыё Рацыя