Юрась Губарэвіч: Жыхароў нашай краіны проста замбуюць



Рух «За свабоду» прапануе абмежаваць трансляцыю расейскіх каналаў у грамадскіх месцах. «Апошнім часам расейскія тэлевізійныя каналы ператварыліся ў рупары          неаімперскага, мілітарысцкага, рэваншызму.

У выніку грамадзяне Беларусі, якія вымушаны існаваць у сацыяльна-культурніцкім і медыйным кантэксце неміралюбнай суседкі, становяцца ахвярамі пра-крамлёўскай прапаганды, – кажа намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

 – Погляды людзей, якія падтрымліваюць анексію Крыму, баявыя дзеянні на Усходзе Украіны, сфармаваныя расейскай прапагандай. Беларусы мелі бы магчымасць атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю, каб былі дазволеныя да трансляцыі дзяржаўныя ўкраінскія каналы альбо прыватныя тэлеканалы. Сітуацыя бы не была на карысць «рускага свету» . Жыхароў нашай краіны проста замбуюць.

Прычым наша краіна можа ўслед за Украінай, зазнаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і нават страту суверэнітэту. Акупацыі зазвычай папярэднічае інфармацыйная вайна. Яе разгортванне супраць Беларусі можна назіраць ужо цяпер – гаворыцца ў заяве Руху “За Свабоду”.

* * *

«Беларусы падсвядома адчуваюць, што вайсковая прысутнасць Расеі на беларускай тэрыторыі нясе патэнцыйную пагрозу нашай краіне. Зараз у Беларусі знаходзяцца некалькі расейскіх вайсковых баз. Большасць сацыялагічных апытанняў паказваюць, што беларусы падзелены ў сваіх меркаваннях адносна расейскай вайсковай прысутнасці», – кажа намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

– Яны разумеюць, што гэта магчымасць для агрэсіі ў далейшым і магчымасць проста зачапіцца за нашу тэрыторыю і вылучаць пазней нейкія патрабаванні. Але, зноў-такі, грамадства тут напэўна падзелена на дзве часткі. Адна частка разумее, што ёсць небяспека, што Беларусь мусіць захоўваць нейтральны статус, не стаць патэнцыйнай пляцоўкай для ваенных дзеянняў. А іншая частка наадварот вітае ўсё, што адбываецца на ўсходзе Украіны і ўсе рашэнні, якія там прымаюцца, або розныя агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да той жа Украіны, або агрэсіўную рыторыку да краінаў Захаду.

Расейскія вайсковыя базы знаходзяцца у Ганцавічах і Вілейцы. Таксама Расея заяўляла пра намер сёлета размясціць у Беларусі сваю авіябазу, дзе будуць знаходзіцца 24 знішчальнікі „СУ-27 СМ3”. Пра гэта казаў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, які не выключаў, што ў бліжэйшы час Расея паставіць у Беларусь ракеты С-300.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя