Юрась Губарэвіч: Рэгістрацыя сталася вынікам працы ўсёй каманды
У Беларусі працягваецца перадвыбарчая парламенцкая кампанія. Гонка дайшла да фінальнага этапа рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. У сталічнай 108-й Каліноўскай акрузе адбылося паседжанне камісіі па рэгістрацыі намесніка старшыні Руха “За Свабоду” Юрася Губарэвіча. “Рэгістрацыя сталася вынікам актыўнай працы ўсёй каманды, якая збірала подпісы,” – гаворыць Юрась Губарэвіч.
– Людзі стаялі ў пікетах, хадзілі па кватэрах, сустракаліся з жыхарамі, сабралі паўтары тысячы подпісаў, таму натуральна адзіным законным вынікам такой працы магла быць рэгістрацыя. Канешне, у любым выпадку агучванне пра рэгістрацыю, ці не рэгістрацыю таго ці іншага кандыдата – гэта перадусім палітычнае рашэнне.
“Улады сёння будуць спрабаваць дэманстраваць ліберальную выбарчаю кампанію,” – дадаў палітык.
Ад 15-га жніўня мусіць распачацца агітацыйны этап выбарчай кампаніі.
Пасля рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Юрась Губарэвіч будзе мець публічны выступ на радыё 24-га жніўня і 30-га па тэлебачанні.
Выбары ў Палату Прадстаўнікоў у Беларусі адбудуцца 11-га верасня.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя