Юрась Губарэвіч: Рэжым спрабуе перастрахавацца



У Менску адбыўся шэраг ператрусаў у людзей, звязаных з Каардынацыйнай Радай. Рэйды сілавікоў адбываліся адначасова. Сяброў КР падазраюць сярод іншага ў „здрадзе дзяржаве, змове або іншых дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім”. У Каардынацыйнай Радзе назвалі ператрусы ў яе сяброў і крымінальную справу яўным парушэннем асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

Сітуацыю пракаментаваў у нашым эфіры прадстаўнік КР, беларускі палітык, кіраўнік фракцыі “Грамадзянскае дзеянне” Юрась Губарэвіч.

РР: Ці варта шукаць нейкую логіку ў тым, што зараз адбылося? Усё гэта звязваюць з выбарамі ў Каардынацыйную Раду, якія маюць адбыцца. Варта памятаць і пра выбары ў “парламент” Беларусі і мясцовыя саветы. Чым можна растлумачыць актыўнасць сілавікоў, якая сёння адбылася?

Юрась Губарэвіч: Адзінае тлумачэнне – гэта страх рэжыму перад беларускім грамадствам. І не так важна, дзе знаходзяцца грамадзяне Беларусі  – унутры краіны ці за мяжой – рэпрэсіі ўсё роўна не спыняюцца.  За больш чым два гады рэжым так і не здолеў узяць кантроль над грамадскай думкай, над пазіцыяй людзей, чаканнямі, іх ацэнкамі. Відавочна, што калі збавіць абароты рэпрэсій, то ізноў сітуацыю прарве. Таму рэпрэсіі працягваюцца, перадусім, у дачыненні да тых людзей, каго можна дастаць. А дастаць можна тых, хто знаходзіцца ў межах Беларусі. Гэтыя вобшукі можа быць скіраваныя ў большасці сваёй дзеля запалохвання тых, хто змог выехаць і знаходзіцца за мяжой. Але дастаць за мяжой іх немагчыма, таму трэба хапаць тое, што знаходзіцца пад рукой.

РР: Але ж відавочна, што гэта спланаваная масавая акцыя. Масіраваная атака, вельмі шмат сіл на тое пайшло, грошай, напэўна, пайшло багата. Для чаго зараз менавіта?

Юрась Губарэвіч: Натуральна, з крыміналітэтам змагацца значна складаней і на яго часу не хапае. А даставаць палітычных апанентаў гэта ўжо любімая справа. Падобныя акцыі праводзіліся і раней. Дастаткова ўзгадаць 2021 год, калі ў адзін дзень прайшліся масава па грамадскіх аб’яднаннях, па кіраўніцтву дзясяткаў, калі не больш за сотню дэмакратычных НДА. І праводзілі вобшукі і на офісах, і ў кватэрах. Усё было спланавана ў Менску і рэгіёнах. Падобная атака была і на СМІ, пазней на прафсаюзы. Зараз прайшліся па тых, хто знаходзіцца за мяжой. Ці звязана гэта з выбарамі? Цяжка сказаць. Але рэжым спрабуе перастрахавацца ў кожным разе. Асноўная прычына нападаў на беларусаў у тым, што яны не змянілі сваё меркаванне, што яны па-ранейшаму прагнуць свабоды і дэмакратыі для сваёй краіны і не хочуць жыць пад панаваннем дыктарскага рэжыму.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя