Юрась Губарэвіч: Штрафы трэба ўвесці для дэпутатаў



Намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які балатаваўся ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах, ацаніў ідэю нардэпа Марзалюка штрафаваць людзей за няўдзел у выбарах.

Гісторык Ігар Марзалюк, былы член Савета Рэспублікі, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў прапанаваў увесці адказнасць за няўдзел у выбарах, пра што заявіў у каментары на «Беларусь-1».

Марзалюк патлумачыў, што гэта дазволіць ашчадзіць частку грошай, якія трацяцца на правядзенне выбараў.

Юрась Губарэвіч: Тут адказ павінен быць асіметрычны — найперш трэба штрафаваць дэпутатаў, якія чатыры гады праціраюць штаны і амаль не праяўляюць сябе, як сапраўды народныя абраннікі, якія абараняюць інтарэсы народу. Падтрымаў, напрыклад, закон аб адабранні ільгот у пенсіянераў – заплаці штраф. Як мне падаецца, уся роля дэпутатаў зводзіцца да таго, каб забяспечыць сабе ільготы і добрыя заробкі. Таму няхай пачынаюць з сябе.

РР: Можа, каб былі штрафы, то народ стаў бы больш палітычна актыўны?

Юрась Губарэвіч: Па-першае, права кожнага чалавека — галасаваць альбо не. Па-другое, так званыя дэпутаты і ўлада самі дыскрыдытавалі гэтыя выбары ў вачах народу. Таму людзі і не бачаць сэнсу ў такім працэсе. Калі б на выбарах была сапраўдная барацьба, калі б быў рэальны кантроль за выбарамі, празрысты падлік галасоў, то і без прымусу прыйшлі б і прагаласавалі за свайго кандыдата. Але ж многія ведаюць, што сёння яны прагаласуюць за аднаго, а іх галасы аддадуць іншаму – праўладнаму кандыдату. Таму які сэнс прымаць удзел у такім спектаклі?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя