Юрась Губарэвіч: Тэма выбараў для інвестараў — табу
Лідар руху “За свабоду” распавёў пра тое, чаму мясцовыя выбары малацікавыя і для выбаршчыкаў, і для кандыдатаў.
Юрась Губарэвіч: Цікавасць да гэтых выбараў у грамадстве знаходзіцца на дастаткова нізкім узроўні. Як правіла, тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца грамадзяне, яны не вырашаюцца дэпутатамі мясцовых саветаў. У лепшым выпадку можна чакаць нейкага выніку пры звароце ў выканкам, але і гэта не факт. Таму некаторыя мяркуюць так: якая розніца, хто будзе абраны мясцовым дэпутатам? Тое ж самае тычыцца і многіх кандыдатаў.
РР: Але ж яны найперш павінны быць зацікаўлены ў гучнай перадвыбарчай кампаніі…
Юрась Губарэвіч: Так, але мы бачым, што цяжар агітацыі ўскладаецца, як правіла, на плечы кандыдата і яго каманды. Выбарчыя фонды таксама трэба фармаваць самастойна, перадусім са сваіх асабістых сродкаў і сродкаў блізкіх паплечнікаў. Бо наўрад ці можна сур’ёзна разлічваць на дапамогу з боку нейкіх камерцыйных структур. Гэтая тэма для інвестараў – табу. Усё гэта адлюстроўваецца на візуальным афармленні гэтай кампаніі. Да асноўнага дня галасавання засталося каля двух тыдняў, але ў той жа сталіцы вельмі мала можна пабачыць друкаванай прадукцыі нават праўладных кандыдатаў.
РР: Як ідзе ваша перадвыбарчая агітацыя?
Юрась Губарэвіч: Я стараюся выкарыстоўваць любыя магчымасці для сустрэчы са сваімі выбарцамі. Дастаткова шчыльную працу вяду таксама з тымі ініцыятывамі, якія пратэстуюць на нашай акрузе супраць ушчыльненняў у раёнах Акадэмічнай акругі, хаця гэтая праблема характэрна для ўсяго горада. Тут можна працаваць, не выкарыстоўваючы друкаваную прадукцыю, і, як мне падаецца, такая праца нават больш эфектыўная, бо дазваляе наўпрост размаўляць з людзьмі па тых праблемах, якія іх хвалююць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя