Юрась Губарэвіч: Толькі два з сямі



 

Толькі два з сямі прадстаўнікоў руху „За Свабоду” зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Менгарсавета, выбары якіх адбудуцца 18 лютага.

18 студзеня прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую ўваходзяць „За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, правялі першы перадвыбарны пікет на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Менску.

„У Менску ў нас вялікія страты, не зарэгістравалі пяць нашых прадстаўнікоў, — адзначыў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч. — Прычым не рэгістравалі па абсалютна надуманых падставах. У асноўным выстаўлялі прэтэнзіі да несапраўдных подпісаў, як пад капірку знаходзячы ў кожнага прэтэндэнта па 10 такіх подпісаў. Таксама быў унікальны выпадак, калі выбарчая камісія знайшла парушэнні ў дэкларацыі нашага прадстаўніка Мікіты Семяненкі, фактычна „падараваўшы” кватэру, у якой у яго няма долі ўласнасці”.

З двух зарэгістраваных у Менску кандыдатамі ў дэпутаты ад руху „За Свабоду” сталі сам Губарэвіч і намеснік старшыні Юрась Меляшкевіч.

Губарэвіч лічыць, што выбарчыя камісіі адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдатамі моцным прэтэндэнтам. „Гэта і Віктар Янчурэвіч — гарадскі актывіст, які ведае фактычна праблемы ў кожным раёне Мінска і даўно працуе з людзьмі, і прэс-сакратар Вольга Быкоўская, і нашы маладыя актывісты, якія працавалі ў сваіх акругах на папярэднім этапе кампаніі”, — сказаў ён.

Палітык лічыць, што выбаркамы не выпадкова адмаўляюць многім прадстаўнікам руху „За Свабоду” ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. „Мы не з’яўляемся партыяй, таму вырубанне нашых кандыдатаў з выбарчай гонкі ніяк не адлюстроўваецца на статыстыцы Цэнтрвыбаркама. Гэта самае простае, што яны могуць зрабіць, каб пазбавіцца ад канкурэнцыі на мясцовых выбарах”, — падкрэсліў ён.

Прадстаўнікі руху „За Свабоду” маюць намер абскардзіць рашэнні выбарчых камісій, якія адмовілі ім у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. „Лічым, што ёсць падставы для адмены іх рашэнняў і рэгістрацыі нашых прэтэндэнтаў кандыдатамі. Калі не ўдасца абскардзіць рашэнне ў вышэйшай камісіі, то будзем падаваць скаргі ў суд”, — паведаміў Губарэвіч.

belapan.by