Юрась Губарэвіч: Трэба грунтоўна рыхтавацца да дня «ікс»



Малую колькасць удзельнікаў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску арганізатары тлумачаць тым, што ў дадзены момант адсутнічаюць сур’ёзныя нагоды для выхаду на вуліцы.

«Канешне, пытанне аб пагрозе для незалежнасці Беларусі нікуды не падзелася. Да гэтага часу дакладна невядомы ні змест гэтай 31 дарожнай карты, ні дата іх падпісання» – лічыць кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

– Людзі рэагуюць толькі на нешта канкрэтнае. Калі будзе прызначаная дата і калі будзе вядомы змест, я перакананы, што людзей будзе ў дзясяткі і сотні разоў болей на вуліцах горада. І нам трэба рыхтаваць такія акцыі, бо, напэўна, не зусім правільна тактычна заклікаць выходзіць кожны тыдзень і бачыць пасля, што вось з кожным разам людзей усё меней і меней. Гэта таксама вядзе да спаду пратэстнай актыўнасці.

Таму трэба грунтоўна рыхтавацца да дня «ікс», калі канкрэтныя дамовы могуць быць падпісаныя. Але нават калі гэта падпісанне і здарыцца, то гэта не зʼяўляецца нечым незваротным. Гэтыя дамовы нават не каштуюць паперы, на якой яны падпісваюцца. Бо ў сённяшняга кіраўніка Беларусі няма легітымнага права падпісваць падобныя дакументы. Гэта супярэчыць і Канстытуцыі, ды і кіраўнік Беларусі не зʼяўляецца законна абраным, – лічыць Юрась Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя