Юрась Губарэвіч: Ці ёсць у Драздах хоць адзін апазіцыянер?



Кіраўнік руха “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, каго насамрэч падтрымліваюць падчас выбараў людзі, і хто ў краіне “будуе асабнякі”.

Кіраўнік Беларусі распавёў пра сустрэчу з міністрамі замежных спраў Швецыі і Фінляндыі.

«Яны пачалі казаць: «Чаму няма празаходніх апазіцыянераў? У мінулым былі тры чалавекі, а ў гэтым — ніводнага». «Не ўва мне прычына. Калі людзі не падтрымліваюць, што я магу зрабіць?» – заявіў ён.

Выказаўся Лукашэнка і наконт таго, на якія грошы існуе апазіцыя: «Яны (Захад) даюць грошы, тыя купляюць аўтамабілі, будуюць асабнякі. Грошы немалыя ідуць. Мы іх усе бачым… Амерыканцы, немцы фінансуюць. Добра яны жывуць».

Юрась Губарэвіч: Я лічу, што беларускі кіраўнік зараз тонка патроліў прадстаўнікоў заходнееўрапейскіх краін, якія чакалі падчас гэтых выбараў прызначэння ўладамі ў парламент 2-3 прадстаўнікоў ад апазіцыі. І гэта сведчыла б пра чарговы прагрэс.

З павесткі дня заходніх чыноўнікаў зніклі размовы пра фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, неабходны доступ да падліку галасоў, большыя правы кандыдатаў. А калі гэтыя тэмы на Захадзе не ўздымаліся, то і ўлады вырашылі не змяняць правілы гульні. Таму кіраўнік Беларусі адпаведна і кажа пра вынікі гэтай гульні – маўляў, прабачце, але я не буду прызначаць вам апазіцыянераў, бо ў заходнім свеце так не прынята. Як кажуць, за што змагаліся, тое і атрымалі. Захад занізіў планку – не атрымаў нічога.

РР: Узгадвалася і пра тое, якія заможныя сёння ў Беларусі апазіцыянеры…

Юрась Губарэвіч: Відаць, Лукашэнка пераблытаў апазіцыянераў з суседзямі па Драздах, якія бегаюць па еўрапейскіх краінах і Расеі з працягнутай рукой у той час, калі ў іх з’яўляюцца шыкоўныя катэджы, машыны і ўсё астатняе. Таму трэба азірнуцца вакол сябе і пацікавіцца: ці ёсць у Драздах хоця адзін апазіцыянер?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя