Юрась Губарэвіч: Важна даць людзям выказацца
Патэнцыйныя кандыдаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі на завяршальным этапе збору подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты плануюць правесці сумесны пікет. Ён пройдзе ў Менску 18 чэрвеня, у чацвер, на пляцоўцы каля філармоніі на праспекце Незалежнасці.
Па словах старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, пікет прысвечаны збору подпісаў. На гэта і ён, і кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, маюць абсалютна законнае права, іх ініцыятыўныя групы зарэгістраваны:
– Гэта перадапошні дзень перыяду збору подпісаў, пасля якога ўжо будзе поўная забарона на любую вулічную, публічную актыўнасць. Вельмі важна даць магчымасць людзям прыйсці, выказацца адносна таго, што адбываецца зараз з выбарамі і з незалежнымі кандыдатамі. Крымінальныя справы, пераслед, прэсінг – калі ўсё гэта застанецца без увагі грамадства, то гэтыя брутальныя рэчы будуць працягвацца і ўзмацняцца.
Калі людзі скажуць, што яны з гэтым нязгодныя, масава прыйдуць і паўдзельнічаюць у абсалютна легальным мерапрыемстве, мы маем шанец спыніць той махавік рэпрэсіяў, які ў нас зараз раскручваецца, – кажа Юрась Губарэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск