Юрась Губарэвіч: Ведамства Ярмошынай забяспечыць вынік



„Мы гатовыя да любога сцэнара”, – кажуць апазыцыйныя палітыкі. У Беларусі пакуль не назвалі даты выбараў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нагадвае, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020 года. Розніца — усяго адзін тыдзень. Толькі ідуць дыскусіі, што выгадней уладам, правесці парламенцкія і прэзідэнцкія выбары разам ці асобна.

Для Аляксандра Лукашэнкі прымальны кожны сцэнар, кажа палітык Юрась Губарэвіч:

– Ведамства Лідзіі Ярмошынай забяспечыць неабходны вынік. Калі гэтая выбарчая кампанія будзе праведзена без зменаў выбарчага заканадаўства, без рэальнай магчымасці мець прадстаўнікоў для падліку ў выбарчых камісіях і назіральнікаў, якія будуць удзельнічаць у рэальным назіранні за падлікам галасоў, то наўрад ці можна чакаць нейкіх іншых вынікаў, чым тыя што мы маем у апошнія 20 гадоў.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года. Правацэнтрысцкая кааліцыя будзе вылучаць адзінага кандыдата, на ролю якога прэтэндуюць Юрась Губарэвіч ад Руху “За Свабоду”, Павел Севярынец ад партыі БХД і Мікалай Казлоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Таксама іншыя апазіцыйныя структуры заяўляюць пра сваіх магчымых кандыдатаў. Напрыклад, лідар “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч ды Аляксей Янукевіч ад Партыі БНФ.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя