Юрась Губарэвіч: За апошнія 20 гадоў не зарэгістравана ніводнай партыі
Ніводнай новай палітычнай партыі не зарэгістравалі ў Беларусі за апошнія 20 гадоў. На гэтую акалічнасць звяртаюць увагу прадстаўнікі Руху «За Свабоду». Грамадскае аб’яднанне на парламенцкія выбары сваіх сяброў у кандыдаты вылучала партыйным спісам, бо акурат гэта дазваляе Канстытуцыя. Іх не зарэгістравалі, бо Выбарчы кодэкс прадугледжвае рэгістрацыю кандыдатаў толькі ад палітычных партый, працоўных калектываў і праз збор подпісаў. Гэту неадпаведнасць Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства ў судах аспрэчваюць прадстаўнікі Руху «За Свабоду» і нагадваюць пра іншыя беларускія палітычныя праблемы, кажа лідар Руху Юрась Губарэвіч:
– Звяртаем увагу грамадскасці на той факт, што палітычнае жыццё ў Беларусі практычна замарожанае. З канца 90-х гадоў не зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі. А толькі яны маюць права вылучаць кандыдатаў паводле Выбарчага кодэкса. Маем сітуацыю, калі з 15 зарэгістраваных партый палова недзеяздольныя і ажываюць выключна пад выбары. У той сам час існуе некалькі структураў, якія актыўна займаюцца палітычнай дзейнасцю, але не маюць статусу палітычнай партыі. Трэба размаражваць.
14 з 15 зарэгістраваных у краіне партый вылучылі сваіх кандыдатаў на парламецкія выбары. Усяго на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёлета афіцыйна зарэгістравалі 560 кандыдатаў. Найбольшае прадстаўніцтва — у Лібэральна-дэмакратычнай партыі (98), праўладнай камуністычнай (57) і апазыцыйнай Абʼяднанай грамадзянскай (47).
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя