Юрась Губарэвіч: Збіраю каманду



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губрэвіч, які першым падаў заяўку аб вылучэнні сваёй кандыдатуры для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, распавёў, над чым працуе зараз.

Нагадаем, што з 3 лютага штаб адзінага кандыдата ад апазіцыі пачаў прымаць заяўкі ад патэнцыйных кандыдатаў, якія плануюць прыняць удзел у працэдуры народнага галасавання па выбары адзінага. Прыём заявак будзе да 16 лютага. Першым заяўку падаў лідар руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: З 4 сакавіка, калі будуць вядомы ўсе тыя, хто прыме ўдзел у выбары адзінага кандыдата, стартуюць пляцоўкі да галасавання: Інтэрнэт-пляцоўка і галасаванне падчас сустрэч з людзьмі ў гарадах Беларусі.

РР: Якую працу праводзіце пасля падачы заяўкі?

Юрась Губарэвіч: Ідзе падрыхтоўчая праца – фармаванне каманды, бо трэба мець людзей, якія будуць дапамагаць і ў арганізацыйным плане, і ў плане прасоўвання тых пасланняў, што будуць рабіцца. І ідзе праца над пэўнымі праграмнымі момантамі – фармуем пасланне да аўдыторыі, якая будзе за мяне галасаваць прынамсі на першым этапе.

РР: Якая ў вас будзе каманда?

Юрась Губарэвіч: Спадзяюся, што гэта будзе моцная каманда, задзейнічаем да дзясятка чалавек. Пры гэтым у кожнага будзе свой фронт працы, які яму неабходна выканаць. Хтосьці патраціць больш часу, нехта менш… Таму колькасць людзей у камандзе не мае істотнага значэння.

РР: Ці плануеце нейкім чынам мадэрнізаваць вашу старую праграму?

Юрась Губарэвіч: Новую праграму дакладна не мае сэнсу рабіць, бо наша арганізацыя не першы год працуе з людзьмі, і ў руху насамрэч ёсць свая праграма. Таму мая праграма грунтуецца на базе той “народнай”, якую мы пачалі ствараць яшчэ ў 2010-2011 гадах, і мадэрнізавалі яе два гады таму. Гэтая праграма таксама была апрабавана падчас апошняй парламенцкай кампаніі і выбараў у мясцовыя саветы. Таму навошта прыдумваць веласіпед, калі гэта ўжо зроблена?

Іншая справа, што трэба крыху адаптавацца да аўдыторыі, бо ёсць разуменне, што падчас праймерыз у большай ступені будуць галасаваць людзі, якія ангажаваны ў палітычнае жыццё. А вось пасля перамогі на праймерыз трэба ўжо рыхтаваць праграму, якая будзе скіравана на больш шырокую аўдыторыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя