Юрась Лукашэвіч: Галоўнае не колькасць, а якасць



Намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч распавёў пра тое, якім чынам іх арганізацыя рыхтуецца да парламенцкіх выбараў.

Юрась Лукашэвіч: Мы будзем удзельнічаць у парламенцкай кампаніі, каб паказаць альтэрнатыву існуючаму рэжыму, бо, на жаль, у нашай краіне гэта, напэўна, адзіны легальны спосаб рабіць пікеты, сустрэчы з людзьмі і гэтак далей.

Партыя БНФ ідзе самастойна на выбары, бо галоўная мэта – данесці свае ідэі да людзей, знайсці новых прыхільнікаў, пашырыць кола прыхільнікаў ідэй незалежнасці, а не імітаваць палітычную дзейнасць.

РР: Як ацэньваеце шанцы на тое, што хтосьці з вашых прадстаўнікоў можа перамагчы?

Юрась Лукашэвіч: Ні для каго ні сакрэт, што выбараў у Беларусі няма, галасы ніхто не лічыць, таму спадзявацца на вялікія поспехі не выпадае. Адзіны шанец патрапіць у парламент, калі цябе прапусцяць.

Партыя БНФ – гэта партыя каштоўнасцяў, удзельнічаем не дзеля перамогі, а каб бараніць свае ідэі, стаяць на варце беларускай незалежнасці. Бо пагроза страты незалежнасці на сённяшні дзень вельмі вялікая, а таму нашыя кандыдаты будуць пра гэта казаць. І гэта не толькі пытанні мовы і культуры, але і эканомікі, дабрабыту і шмат іншых пытанняў, якія ўмацоўваюць незалежнасць.

РР: Ці шмат моладзі паспрабуе свае сілы падчас выбарчай кампаніі?

Юрась Лукашэвіч: Безумоўна, сярод кандыдатаў будуць і маладыя людзі, якія прыходзяць у партыю. Можа, і не вельмі вялікая колькасць, але яны будуць. І сярод кандыдатаў, і сярод валанцёраў, давераных асоб, назіральнікаў.

Спачатку трэба падрыхтаваць маладыя кадры, а пасля ўжо выстаўляць іх кандыдатамі. Галоўнае не колькасць, а якасць тых, хто будзе рэпрэзентаваць нашу партыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя