Юрась Меляшкевіч: Ідзе гульня з удзелам расейскага інтарэсу
Адвакатка нарэшце патрапіла да зняволенага кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Гэта адбылося напярэдадні ўвечары, паведаміў намеснік старшыні партыі Юрась Меляшкевіч.
З СІЗА лідар партыі толькі паведамляе, што знаходзіцца ў здавальняючым стане, але далей няма больш падрабязнай інфармацыі, заўважае Юрась Меляшкевіч:
– Учора ўпершыню пану Рыгору была аказаная юрыдычная дапамога з боку яго адваката. Па той інфармацыі, якая нам была дадзена, артыкул яму пацвердзіўся сапраўды даволі цяжкі, па якім прыцягваюцца да такой меры стрымання ў СІЗА Юрый Зянковіч і Аляксандар Фядута. Па інфармацыі адвакаткі, пан Рыгор адчувае сябе здавальняюча. Скаргаў, прынамсі, і нараканняў не паступала пакуль.
РР: Зараз складана спрагназаваць, як могуць развівацца далей падзеі. Бо гэта хіба залежыць больш ад палітычнай волі афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі.
Юрась Меляшкевіч: Цяжка гаварыць, сапраўды. Перш за ўсё яшчэ і таму, што следства толькі зараз прыступіла да работы з затрыманымі. І вось адвакатка ўпершыню пайшла. Натуральна, што дзяржаўныя органы падтрымліваюць гэтае абмежаванне, даючы толькі тую інфармацыю, якая выгадная ім. І, відавочна, што далейшых публікацый, якія б пралілі яснасць на гэтую справу, у нас не будзе. Хутчэй за ўсё будзе агучвацца толькі тое, што выгадна ўладам, у рэжыме сакрэтнасці хутчэй за ўсё будзе адбывацца штатны рэжым следства. Але няштатна будуць дзяржаўнымі органамі і рознымі службамі інспіравацца некаторыя інфармацыйныя ўкіды. Я бачу проста па рэакцыі Расеі, як яна працуе зараз з тэмай затрымання пана Рыгора, як некаторыя спікеры з боку афіцыйных уладаў ацэньваюць гэтую сітуацыю. І відаць да суда мы не зможам атрымаць нейкай паўнавартаснай, аб’ектыўнай карціны таго, што там адбываецца, пакуль не загучаць галасы пана Рыгора і іншых фігурантаў гэтай справы. Таму што ведаючы, як і ў якіх умовах ажыццяўляюцца аператыўныя гульні цяпер, калі правакацыя – гэта частка практычнага інструментара спецслужбаў, то ў мяне вельмі шмат пытанняў наконт таго, як была ініцыяваная гэтая сітуацыя, кім яна была ініцыянаваная і якім спосабам аказаліся ў гэта ўцягнутыя тыя людзі, якія зараз знаходзяцца пад вартай.
РР: У гэту справу ўцягнуты тры краіны – гэта Беларусь, Расея і ЗША. Ці нейкі палітычны каментар можа быць на гэты конт?
Юрась Меляшкевіч: Я тут хутчэй бачу два бакі – Беларусь і Расею, якія хочуць уцягнуць у гэта нейкім чынам ЗША. Я такой відавочнай сувязі не назіраю. Тое, што там агучваецца ў выглядзе неякіх домыслаў, мне цяжка гэта каментаваць. З майго цвярозага аналізу, я бачу, што дадзены канфлікт – гэта каштоўны падарунак ці каштоўны здабытак тых аўтарытарных рэжымаў, якія пануюць у Беларусі і Расеі. ЗША, якія сюды спрабуюць упісаць у якасці трэцяга боку канфлікту, я далёка не ўпэўнены, што яны маглі ў гэтым удзельнічаць. Я бачу гэта хутчэй як гульню гэтых аўтарытарыяў з грамадзянамі сваіх краінаў ( у выпадку Зянковіча – падвойнае грамадзянства ЗША і Беларусі), але тым не менш, гульня ў беларускім полі з удзелам расейскага інтарэсу і ўплыву. Бо яна актыўна ў гэта ўключылася.
11 красавіка ў Маскве былі затрыманыя літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і юрыст Юрась Зянковіч. На наступны дзень у Шклове затрымалі лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Іх вінавацяць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 Крымінальнага кодэкса).
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя