Юрась Меляшкевіч: Рэферэндум 1995 году быў прыкрым крокам назад



24 гады таму, 14 траўня 1995 года, адбыўся рэферэндум, на якім беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. Таксама была заменена сімволіка краіны. Яшчэ два пытанні тычыліся падтрымкі эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і права роспуску прэзідэнтам Вярхоўнага Савету.

Па словах намесніка старшыні Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Юрася Меляшкевіча, змена дзяржаўных сімвалаў стала крокам, яўна накіраваным супраць фармавання ідэнтычнасці беларускага народа. Таму што герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг мелі глыбокія гістарычныя карані, былі звязаны са старадаўнімі часамі, пачынаючы ад Вялікага Княства Літоўскага і да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

– Таму, безумоўна, для фармавання нашай гістарычнай ідэнтычнасці гэта быў крок назад, у фармаванні дзяржаўнасці нашай – крок назад. Мы засяродзіліся тады на савецкай спадчыне. Сталі фармаваць тое ўспрыняццё, якое звужала нашую гістарычную перспектыву, нашае бачанне. Таму, безумоўна, гэта быў негатыўны крок з пункту гледжання ўстойлівага і мэтанакіраванага развіцця грамадства.

„Мы замкнуліся на савецкай спадчыне і апынуліся ў рамках, якія былі прыдуманы на той час у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але, тым не менш, зараз у грамадскай свядомасці адбываецца вяртанне да гістарычных караняёў. Сімвал „Пагоня” ўжо мае статус гісторыка-культурнай спадчыны. Вельмі важна, каб і бел-чырвона-белы сцяг набыў падобны статус, хаця б статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшай перспектыве”, – сказаў Юрась Меляшкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя