Юрася Беленькага будуць судзіць за правядзенне дазволеных акцый (абноўлена)
17-га лістапада намесніка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага будуць судзіць за парушэнне парадку правядзення вулічных акцый.
Пасля шэсця і мітынгу ў Курапатах 2-га лістапада і жалобнай акцыі ў Лошыцы 9-га лістапада міліцыя склала на Беленькага тры пратаколы за тое, што ён не ўзгадніў з ёй мераў бяспекі.
“Гэта абсалютна не адпавядае праўдзе”, – адзначае Юрась Беленькі:
– Гэта поўная непраўда, абсалютная непраўда, прычым можна паставіць у квадрат і ў кубе няпраўда, бо гэтае ўзгадненне адбылося ў будынку Менскага гарадскога выканаўчага камітэта. Прысутнічалі некалькі афіцэраў міліцыі, пракурор з гарадской пракуратуры, прадстаўнікі гарвыканкама і там дэтальна было ўсё абмеркавана – парадак забеспячэння бяспекі падчас мерапрыемства.
За парушэнні, якія інкрымінуюць намесніку старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ прадугледжаны як штраф, так і адміністрацыйны арышт.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя