Беленькі лічыць, што яго судзілі па сігнале з Масквы
Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі аштрафаваны Першамайскім судом Менску на 20 базавых адзінак (3 міліёны рублей). Ён прызнаны вінаватым у парушэнні правіл правядзення дэманстрацыі на Дзень памяці продкаў „Дзяды”.
Як высветлілася, партыя і ён, як адзін з арганізатараў мерапрыемства, павінны былі аплаціць так званыя паслугі некалькіх гарадскіх службаў, у тым ліку міліцыі, але пакуль не зрабілі гэтага.
Беленькі з прысудам не пагадзіўся, назваўшы справу палітычнай, а яго віну недаказанай
– Браць грошы з людзей, якія яшчэ засталіся жывыя, якія ідуць у Асвенцым, у Хатынь, ці ў Курапаты – гэта амаральна. Гэта, вядома, маральныя ацэнкі, не юрыдычныя Але юрыдычныя ацэнкі ўсё ж мусяць уключаць маральны аспект Абвінавачаннні, якія былі выстаўленыя супраць мяне, не маюць ніякай доказнай базы пад сабой. Але сітуацыя такая патавая і суддзя такое рашэнне прыняла.
Юрась Беленькі сказаў, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне. Агулам адносна яго было складзена 3 адміністрацыйных пратаколы аб парушэнні падрыхтоўкі масавага мерапрыемства.
Акрамя ўжо разгледжанага аналагічны пратакол скдладзены за мітынг ва ўрочышчы Курапаты, а таксама за шэсце і мітынг у Лошыцкі Яр. Так што Юрась Беленькі не выключае, што наперадзе могуць быць яшчэ 2 суды.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі прызнаны вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў 2 лістапада падчас шэсця ў Курапаты і 9 лістапада на жалобным мітынгу ў Лошыцы. За неўзгадненне з міліцыяй захадаў бяспекі падчас вулічных акцыяў ён мусіць выплаціць 20 базавых велічыняў — 3 мільёны беларускіх рублёў.
Пасля акцыяў на Юрася Беленькага склалі тры пратаколы, паводле абвінавачанага – беспадстаўна.
Па словах Юрася Беленькага, беспадстаўнасць штрафу была відавочнай для усіх прысутных у судовай залі:
– Адзінае добра, што ў судзе былі людзі, якія бачылі гэтую несправядлівасць. Як кажуць, сатана баіцца святла. Калі бы гэтая несправядлівасць была схаваная ад грамадства, гэта было бы яшчэ горай. Усе гэтыя абвінавачанні, якія былі высунутыя супраць мяне – беспадстаўныя. Гэтая справа развалілася, але штраф 20 базавых І ўсе людзі бачылі, што гэта ўсё за палітычную дзейнасць – выключна.
Юрась Беленькі пацвердзіў сказанае раней яго аднапартыйцам Валерам Буйвалам, што перашапачаткова міліцыя не мела да арганізатараў акцыяў ніякіх засцярогаў. Аднак нават абвінаваўцы, уключна з судздзёй далі зразумець, што у суд ён быў прыцягнуты па падказцы звонку.
Беленькі лічыць, што адпаведны сігнал ці патрабаваньне маглі паступіць толькі з Масквы.
* * *
У судзе Першамайскага раёна Менска праходзіць суд над намеснікам старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім.
Як пацвердзіў яго партыйны калега Валер Буйвал, Беленькага судзяць за парушэнне парадку правядзення вулічных акцый у час шэсця ў Менску і мітынгу ў Курапатах 2 лістапада і жалобнай акцыі ў Лошыцы 9 лістапада.
– Акцыі прайшлі сапраўды арганізавана. Я ў іх браў удзел. Міліцыя не мела ніякіх прэтэнзій, а ўжо пасля, у наступны панядзелак, пасля акцыі, якая прайшла 9 лістапада ў Лошыцы, яго выклікалі ў міліцыю і далі позву. А на наступны дзень, калі ён прыйшоў па позве ў міліцыю, то аформілі акт затрымання і адразу павезлі ў суд.
Валер Буйвал лічыць, што суд над Юрасём Беленькім адбываецца з падказкі Масквы. Ён мяркуе, што не сама акцыя выклікала з чыйгосьці боку засцярогі, але той факт, што маладыя ўдзельнікі мірнай акцыі побач з беларускімі ўзнялі ўкраінскія сцягі, а таксама праспявалі ўкраінскі гімн. Юрасю Беленькаму пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Радыё Свабода