Юрася Беленькага цяпер будуць судзіць за Лошыцкі Яр
Намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага зноў будуць судзіць. Чарговы адміністрацыйны працэс пройдзе 28-га лістапада ў судзе Ленінскага раёну Менску. Актывіст з’яўляецца адным з арганізатараў шэсця 9-га лістапада ў Лошыцкі Яр да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Цяпер Юрася Беленькага вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства – нібыта высветлілася, што не былі аплочаны паслугі па ахове грамадскага парадку ў час акцыі.
– Я быццам бы не заплаціў за паслугі міліцыі і “хуткай дапамогі” за тое, што яны аказалі паслугі падчас правядзення гэтага мерапрыемства. Я хачу зазначыць, што рашэнне, згодна з дзеючым заканадаўствам, Менскім гарадскім выканкамам не прымалася. Усе гэтыя абвінавачванні, якія выстаўляюцца да мяне, яны проста прыцягнуты за вушы. Яны не маюць пад сабой ніякіх юрыдычных законных падставаў. Я проста гэта вызначаю выключна як пераслед за маю палітычную дзейнасць – за мае выступы, за мае ацэнкі сітуацыі.
Два тыдні таму актывіста аштрафавалі на 20 базавых велічынь, па гэтым жа артыкуле, за акцыю на Дзяды. Па словах Юрася Беленькага, мерапрыемства арганізоўваў не ён асабіста, а Кансерватыўна-хрысціянская партыя як юрыдычная асоба. Упершыню за апошнія 15 гадоў правядзення традыцыйных мерапрыемстваў Юрась Беленькі сутыкнуўся з падобным пераследам з боку ўладаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя