Юры Андруховіч: Ключы ад канфлікту ва Украіне – у руках Пуціна



На сёння ў Менску запланаваныя перамовы ў фармаце «Украіна ― Еўрапейскі Звяз ― Мытны саюз», у якіх возьмуць удзел лідары краінаў і высокапастаўленыя прадстаўнікі Еўразвязу. Чакаецца, што ўсебакова будзе абмяркоўвацца пытанне ўкраінскага крызісу. „Усе ключы для развязання гэтай праблемы знаходзяцца ў руках адной асобы – Уладзіміра Пуціна“, – адзначае ўкраінскі паэт і празаік, удзельнік падзей на Майдане, Юры Андруховіч:

 – Ён свае крокі выбудоўвае такім чынам, каб шакаваць, – чым больш неспадзяванае рашэнне, тым для яго яно лепшае. Я мяркую, што нам супрацьстаіць, выкарыстоўваючы расейскае слова, “беспредельщик”. Але ўсё роўна, трэба сумленна змагацца супраць яго, выконваць свой абавязак да іншых, і стрымліваць яго.

„Можа ўрэшце Еўропа зразумее, што мы выканалі большую місію, чым толькі абарона ўласных межаў. Станоўчае ў гэтай сітуацыі толькі тое, што Украіна аб’ядналася, і што мы ваюем не пад Кіевам, а на ўсходзе Ўкраіны. Нашую краіну менавіта там абараняюць ад руйнавання“, – дадаў Юры Андруховіч.

Пётр Парашэнка яшчэ напярэдадні сустрэчы ў Менску заявіў, што чакае ад яе дыялогу пра мір, што вайна не патрэбная нікому. „Прэзідэнт Украіны гаворыць тыя словы, якія павінен сказаць“, – кажа ўкраінскі паэт і празаік Юры Андруховіч, удзельнік падзей на Майдане. Ён не верыць у тое, што менская сустрэча можна прынесці вынікі:

– Што, напрыклад, Назарбаеў можа прыўнесці ў гэтую праблему? Я яшчэ не ведаю, як будзе выглядаць прадстаўніцтва ЕЗ, Кэтрын Эштан з яе вечнымі спазненнямі да кожнай праблемы. Я не веру ў эфектыўнасць гэтага мерапрыемства. А адносна рыторыкі за мір – адзін цынік сказаў у свой час: “Найлепшы спосаб дасягнуць міру – капітуляваць”. Я думаю, што наш прэзідэнт не мае гэтага на ўвазе.

Юры Андруховіч лічыць, што да таго часу, пакуль на ўсходзе Украіны будуць адбывацца ваенныя дзеянні, пакуль Расея не спыніць сваёй агрэсіі, да таго часу ўкраінцы павінны бараніць сваю зямлю і сваю незалежнасць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота paralleli.if.ua