Юры Чавусаў: Пакуль усе лічбы сабраных подпісаў умоўныя



«Усе лічбы сабраных подпісаў, якія агучваюць прэтэндэнты ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі, у значнай ступені ўмоўныя. Каардынавацца і звяраць лічбы іх каманды штодня не маюць магчымасці. Фактычныя лічбы стануць вядомыя ўжо пасля праверкі подпісаў прэтэндэнтаў», – адзначае палітолаг Юры Чавусаў.

– Гэтыя лічбы ў значнай ступені ўмоўныя, сабраныя на розныя даты, з рознай шчыльнасцю, і ставіцца да іх як да сур’ёзнага лічбавага паказніка – не выпадае. Парадак – колькі ўвогуле сабрана, так, гэта магчыма ацаніць, сказаць, што ў аднаго 70, а ў другогна 75 – але рэальна гэта можа быць зусім не так.

Напярэдадні ініцыятыўныя групы Гайдукевіча і Цярэшчанкі заявілі аб зборы неабходных для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты 100 тысяч подпісаў. Паводле дадзеных на 6 жніўня, за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Анатоля Лябедзькі было сабрана каля 42 тысяч подпісаў. Па дадзеных на 7 жніўня, у падтрымку Сяргея Калякіна – 54 тысячы. Па дадзеных на 8 жніўня, у падтрымку Таццяны Караткевіч сабрана 75 тысяч подпісаў. Аб зборы 72 тысяч подпісаў заяўляла ініцыятыўная група Мікалая Улаховіча. Жанна Раманоўская пакуль не паведамляла пра колькасць сабраных за яе подпісаў. Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 11 кастрычніка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыыя