Юры Губарэвіч: Міжнародныя ацэнкі не зменяцца



Выніковы даклад назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка 2015 года можа быць прадстаўлены ў Менску 28-29 студзеня. Менавіта ў гэтыя дні чакаецца візіт у сталіцу Беларусі дырэктара Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека Міхаэля Георга Лінка. Пакуль ідзе ўдакладнне праграмы візіту і графік сустрэч. Ужо запланаваны шэраг сустрэч з беларускімі чыноўнікамі, у тым ліку з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркама. На думку Юрыя Губарэвіча, выніковы даклад па прэзідэнцкіх выбарах наўрад ці будзе мець каардынальныя змены ў параўнанні з папярэднім.

– Міжнародныя ацэнкі не зменяцца. Аляксандру Лукашэнку трэба не толькі дэманстраваць абяцанні памяняць нешта ў выбарчым кодэксе, альбо палепшыць выбарчы працэс, а зрабіць рэальныя крокі, на якіх шмат год настойвае і беларуская апазіцыя, і міжнародная супольнасць. А менавіта абмежаванне датэрміновага галасавання, большыя магчымасці для назіральнікаў, ну і натуральна, магчымасць суб’ектам палітычнага працэсу мець сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях усіх узроўняў.

«Толькі тады можна казаць пра нейкі кантроль з боку грамадства за выбарчым працэсам», – дадае Юрась Губарэвіч. Нагадаем, у папярэдняй справаздачы па выніках працы місіі БДІПЧ гаварылася, што Беларусі яшчэ неабходна прайсці значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя