Юры Губарэвіч: Улада хоча забраць у беларусаў апошнія грошы
Аляксандр Лукашэнка загадаў падрыхтаваць да 1 кастрычніка новую рэдакцыю дэкрэту №3, больш вядомага як «дэкрэт аб дармаедах».
Паводле слоў кіраўніка Беларусі, праблему непрацуючых і не жадаючых працаваць, хаваць нельга, а таму ніякай адмены дэкрэта быць не можа. Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі найменш паўмільёна непрацуючых людзей. Каля 200 тысяч можна вызваліць ад выплаты «падатку на дармаедства». Аднак застаюцца 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе.
Як адзначае старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, улада хоча забраць у беларусаў апошнія грошы.
– Улада яшчэ ўвесну дэкляравала тое, што яны забяспечаць усіх, хто мае патрэбу, працай, але яна не выканала свае абяцанні. Людзі па-ранейшаму не могуць знаходзіць нармальныя месцы працы, якія дазволілі б добра існаваць і карміць свае сем’і. І на гэтых людзей будзе скіравана чарговая версія дэкрэту супраць людзей, якія не маюць працы, каб пазбавіць іх апошніх ашчаджэнняў, якія маюцца ў іх сем’ях.
Хваля пратэстных акцыяў супраць дэкрэта аб дармаедстве прайшла гэтай вясной ў многіх гарадах Беларусі. Многія пратэстоўцы былі затрыманыя, адсядзелі суткі і былі аштрафаваныя. Дзеянне дэкрэту замарозілі, але не адмянілі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя