Юры Хашчавацкі: Не забудзьце выключыць тэлевізар!



Рэжысёр Юры Хашчавацкі – пра сённяшняе замбаванне беларусаў расейскай прапагандай.

AA36E97D-EAB7-4F75-BC27-30F7C6A8DA39_mw1024_s_n

Юры Хашчавацкі: Расейкая прапаганда ў Беларусі адчуваецца, таму што аб’ектыўна яна тут ёсць. І яна вельмі моцна ўздзейнічае на псіхіку людзей. Я гэта па сабе адчуваю, гэта невыносна… Таму поўнасцю апошнім часам адключыўся ад тэлевізара і раю тое самае зрабіць усім астатнім. Такую колькасць ілжы проста невыносна глядзець і слухаць. Гэта ўжо насілле на тваімі мазгамі. Тым не менш, гэта працуе, хоць з іншага боку, як ні дзіўна,  я бачу і нелюбоў да Расеі, да расейцаў, што праяўляецца нават на побытавым узроўні. Могуць, напрыклад, пракалоць колы ў машыне з георгіеўскімі стужкамі ці расейскімі нумарамі…

РР: Ці моцна падзялілі беларускае грамадства падзеі ва Украіне?

Юры Хашчавацкі: Па тэмпературы, па накалу жарсцяў – не вельмі моцна, хоць некаторае падзяленне ёсць. Беларусы заўсёды жылі з думкай “толькі б не было вайны”, і сітуацыя ва Украіне іх, безумоўна, палохае. Гэта “ўкраінскі сіндром”.

РР: Беларусы ў сваёй большасці хочуць быць з Расеяй ці з Еўропай?

Юры Хашчавацкі: Па-рознаму. Мне падаецца, што беларусы нярэдка бываюць у Еўропе, бачуць, якія там кошты, пачынаюць усё разумець… А ўвогуле, беларусы – гэта такія людзі, якія хацелі б купляць танны бензін у Расеі і такія ж прадукты – у Польшчы. Людзі ўсё ацэньваюць праз свой дабрабыт, праз жыццё. У гэтым і ёсць падзяленне нашых людзей у грамадстве. Дзякуй Богу, што пакуль яно не антыганістычнае. А што датычыцца уладаў, то яны ідуць, на маю асабістую думку, верным шляхам здачы суверэнітэта.

РР: Сёння шмат спрачаюцца: ці ёсць для беларусаў пагроза з боку так званага “русского мира”, расейскай прапаганды?

Юры Хашчавацкі: Днямі я быў у Маскве, дзе здымаў Юрыя Афанасьева, які ў свой час разам з Ельцыным быў сустаршынёй міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, і чый выраз “агрэсіўна-паслухмяная большасць” стаў ужо класікай. Дык вось ён сфармуляваў для мяне вельмі цікавую рэч. Спадар Афанасьеў сказаў: “Розніца паміж заходняй дактрынай і ўсходняй заключаецца ў тым, што Захад заўсёды будаваў сваю цывілізацыі на ўласнасці на зямлю, а Усход – на ўласнасці на людзей”. Вось людзі ў нас – уласнасць дзяржавы. І цяперашняя расейская прапаганда, якая ўздзейнічае на народ, з той жа оперы. Але людзі павінны разумець – калі іх пазбаўляюць права крытычна мысліць, то такім чынам яны аддаюць сябе ва ўласнасць улады. Калі народ не працівіцца, каб быць уласнасцю, то мы пазбаўляемся будучыні. А расейская прапаганда (ды і беларуская) цалкам заточаныя на гэта – пазбавіць чалавека крытычна мысліць і бачыць усе памылкі ўлады. Мне здаецца, што кожны чалавек павінен знайсці ў сабе сілы, каб гэтаму супрацьстаяць. Магу нават падказаць рэцэпт: “Не забудзьце выключыць тэлевізар!”

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя