Палітвязню Рубцову абвешчана папярэджанне (абноўлена)



Палітвязень Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў спец-камендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, атрымаў пісьмовае папярэджанне па артыкуле Крымінальнага Кодэксу за ўхіленне ад адбывання пакарання.

Юрый Рубцоў лічыць гэта поўнай лухтой. На яго думку, хочуць завесці супраць яго яшчэ адну справу:

– Я гатовы быў працаваць за той заробак, які мне прапаноўвалі, але яны прадаставілі фіктыўныя дакументы, быццам бы я адмаўляўся ад працы. Пасля трох заўвагаў – папярэджанне. Настолькі тупа гэта ўсё выглядае. Артыкул 415 – ухіленне ад адбывання пакарання. Знаходзячыся ў турме, я, аказваецца, ухіляюся ад пакарання за  больш высокую зарплату.

У кастрычніку 2014 году суддзя Цэнтральнага суду Менску Наталля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова двума гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха.

* * *

Палітвязень спыніў галадоўку. Ён прыслухаўся да ўгавораў актывістаў, якія яго наведалі. Тым больш, на фоне адсутнасці ўмоваў галадоўкі па медычных стандартах і непадтрымкі яго патрабаванняў гадзіны тэлеэфіру апазіцыяй.

rubcou833x400

Рубцоў зразумеў далейшую бессэнсоўнасць галадання. Пасля пачатку ўжывання ежы адчувае сябе станоўча, кажа Юрый Рубцоў:

– Паколькі я язвеннік, то ем мюслі. Можа гэта трошкі няправільна, але адчуваю сябе зараз добра. Я разумею, што ў турме правільна выходзіць з галадоўкі вельмі цяжка. Тут няма для гэтага ўмоў.

Паводле Рубцова, ён не шкадуе, што пайшоў на такі крок. Па ягоным разуменні, – гэта быў адзіны крок, які даваў надзею на перамены. Удзел апазіцыі ў выбарах без умоў для перамогі – гэта ліццё вады на млын Лукашэнкі.   Іх кароткая афіцыйна дазволеная перадвыбарачная праца з народам з пяцігадовым інтэрвалам, як паказвае практыка, мае нулявы вынік.

* * *

Палітвязень Юры Рубцоў, які адбывае свой тэрмін у спецкамендатуры № 7 у Купліне Пружанскага раёна, галадае 9-ты дзень. Галадоўка з боку ўладаў не выклікала ніякага рэзанансу, а з боку апазіцыі – падтрымкі.

Што вельмі засмучае Юрыя Рубцова. Прадстаўнікі апазіцыі, у тым ліку і Уладзімір Мацкевіч, якому ён даручыў весці перамовы наконт прадастаўлення тэлебачання для апазіцыі, угаворваюць Рубцова спыніць галадоўку.

– Гэта мая параза, бо ўсе нашы палітычныя сілы не сталі патрабаваць выступу на тэлебачанні. Мацкевіч ў сітуацыі, якая склалася паміж Украінай і Расеяй, зацікаўлены, каб Лукашэнка стаў на бок Украіны, не Расеі.

Але, на думку Рубцова, вайна Расеі з Украінай будзе яшчэ доўга. Лукашэнка выкарыстоўвае сітуацыю толькі на захаванне свайго рэжыму яшчэ ў больш жорсткай форме на фоне татальнага збяднення грамадзянаў.

Як стала вядома, Рубцоў праводзіць галадоўку не паводле медычных правілаў, таму неспыненне галадоўкі ва ўзросце 58 гадоў можа прывесці да фатальнага сыходу. Гэта прымусіла палітвязня задумацца аб спыненні галадоўкі.

* * *

Актывіст з Гомеля Юры Рубцоў працягвае галадоўку пратэсту ў спецкамендатуры ў Купліне.

30-га студзеня наведаў Уладзімір Мацкевіч і праваабаронцы, якія ўгаварвалі актывіста спыніць галадоўку пратэсту

 Бестэрміновую галадоўку Юры Рубцоў пачаў 22 студзеня – на знак пратэсту: адміністрацыя спэцкамендатуры не можа забяспечыць палітвязня дэкляраваным у Беларусі сярэднім заробкам, які ў эквіваленце адпавядае 600 далярам.

– Я не буду хаваць, што ўсе, хто прыехаў, заклікалі мяне спыніць галадоўку. Канчатковае рашэнне я пакуль не прыняў.  Я буду думаць: пакуль галадоўку не спыняю. Але лічу, што яна павінна быць працягнутая.

Яшчэ адно патрабаванне, якое выстаўляе «хімік»-галадоўшчык: выдзяліць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі, каб тая магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыццё ў краіне.

 Юры Рубцоў лічыць што прымаць ўдзел ў выбарах па правілах Лукашэнкі немэтазгодна:

– Калі ў гэтым годзе хоць адзін апазіцыйны лідар прыме ўдзел у выбарах, гэта будзе абазначаць працяг сітуацыі на 10-15 гадоў. Гэта дасць магчымасць Лукашэнку панаваць у краіне 10-15 гадоў. У выбарах удзел прымаць нельга нікому.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць яшчэ ў гэтым годзе не пазней за 20 лістапада.

* * *

Палітзняволены Юры Рубцоў лічыць, што палітыкі і актыўная частка грамадства праз суды павінны дамагацца 1 гадзіны штодзённага тэлеэфірнага часу, адмены кантрактаў і празрыстасці падліку галасоў на выбарах.

Калі ўлада адмовіцца ісці на такія саступкі, то ўдзел апазіцыі ў выбарах – гэта роля зазывалаў для паказу масавасці ў спектаклі, дзе галоўны герой добра вядомы народу на працягу 20 гадоў:

– Удзельнічаючы ў выбарах мы міжволі актывізуем масу людзей, якая ідзе на гэтыя выбары – гэта менавіта для Лукашэнкі самае важнае. Яму няважна хто галасуе, яму важна вялікая колькасць людзей на выбарчых участках, гэтую задачу выконвае апазіцыя для яго. Мы павінны не быць зазывалам на выбары, якіх няма. Уладзе вельмі выгадна, каб рэкламную кампанію праводзіла апазіцыя.

Паводле Юрыя Рубцова, калі не будзе кандыдата ад апазіцыі, уладзе не будзе з кім спрачацца і не будзе кім запужваць людзей.

Юры Рубцоў адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін 1 год і 6 месяцаў пасля амністыі за нашэнне майкі з надпісам: „Лукашэнка сыходзь”. Афіцыйна атрымаў тэрмін за абразу суддзі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя