Татуіроўка „Лукашэнка сыходзь” – падстава для пераследу? (абноўлена)
“Лукашэнка сыходзь” – такую татуіроўку зрабіў палітычны вязень Юры Рубцоў падчас адбыцця пакарання ў спецкамендатуры ў Купліне.
Гэта, паводле праваабаронцаў, стала сапраўднай прычынай ягонага пераследу і распачацця новай крымінальнай справы паводле артыкула – ухіленне ад адбыцця пакарання.
Так лічыць і рэжысёр Вольга Мікалайчык, якая наведалася ў Куплін дзеля сустрэчы з палітычным вязнем:
– Ён пакаранне адбываў, ён знаходзіўся ў зняволенні. Прычым тут праца ўвогуле? Яго справа – працаваць ці не працаваць. Яго следчыя выклікалі на гэты эксперымент, каб высветліць: ці сам ён гэтае тату зрабіў? І каб паглядзець на яго рыштунак, якім ён гэта рабіў. Бо ён казаў, што ён сам сабе зрабіў татуіроўку “Лукашэнка сыходзь!” , каб нікога не падстаўляць.
К красавіка раніцай Юрыю Рубцову ў спец-камендатуры ў Купліне Пружанскага раёну загадалі сабраць рэчы.
Яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезлі ў раённы Следчы камітэт. Сувязі з палітычным вязнем – няма. Яго мабільны тэлефон пакінуты на галасавой скрыні.
* * *
6-га красавіка раніцай вязню ў спецкамэндатуры ў Купліне загадалі сабраць рэчы і адвезлі ў раённы Следчы камітэт.
Супраць палітвязня заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу – ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.
„Юрыю Рубцову пагражае да трох гадоў зняволення”, – гаворыць старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:
– Пачалі крымінальную справу па-новаму за ягоную адмову працаваць. Калі ён адмаўляецца працаваць, то паводле гэтага артыкулу Крымінальнага Кодэксу яны мелі права пачаць новую справу да 3 гадоў, Юрыя Рубцова вывезлі зараз у Пружаны. Ён будзе ў следчым ізалятары чакаць пакуль следчыя правядуць следчыя дзеянні, перададуць справу ў суд, і будзе суд.
Юры Рубцоў, які адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў спецкамендатуры ў Купліне , адмаўляўся ад працы, патрабуючы зарплату ў памеры сярэдняга заробку ў краіне.
Не выключана, што ўжо ў чацьвер палітычнаму вязню афіцыйна прад’явяць абвінавачанне.
* * *
Палітычны вязень Юры Рубцоў адмыслова да Дня Волі зрабіў на грудзях татуіроўку. Надпіс «Лукашэнка, сыходзь», паводле асуджанага, адпавядае турэмнай традыцыі і адначасова застаецца палітычна актуальным.
Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за нібыта знявагу судздзі, адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.
* * *
Палітзняволены Юры Рубцоў моцна шкадуе, што старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падтрымаў гульню спецслужбаў пад назвай “выбары” і вырашыў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты РБ.
Аргумент Анатоля Лябедзькі, наконт паўгадзіннага эфіру не вытрымлівае ніякай крытыкі, – кажа Юрый Рубцоў:
– І яго аргументы, што можна нешта патлумачыць людзям… Хіба паўгадзіны эфірнага часу яму хопіць, каб патлумачыць нешта людзям? За паўгадзіны пераканаць людзей – гэта фантастыка. Лукашэнку патрэбны гэты спектакль. І я хацеў бы папярэдзіць усіх людзей, каб не ўздумалі ісці на Плошчу і не ўздумалі ісці галасаваць.
Палітвязень Юры Рубцоў адбывае паўтарагадовае пакаранне ў спецкамендатуры – Куплін Праужанскага раёну за нашэнне майкі з надпісам: Лукашэнка, сыходзь! Хаця афіцыйна нібыта за абразу суддзі Кірыла Палулеха.
* * *
У судзені 2015 года палітвязень звярнуўся да беларусаў. У сваім аўдыязвароце Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне паводле палітычна матываванай пастановы суда на хіміі ў пасёлку Куплін Пружанскага раёну, паведаміў, што разгледзеў дзеянні палітычных сілаў у Беларусі ў папярэднія гады. Галоўным напрамкам барацьбы ў 2015 годзе, на ягоны погляд, з’яўляецца байкот выбараў, піша eurobelarus.info.
„Неабходна выстаўляць ўмовы рэжыму. І толькі пасля выканання гэтых умоваў, апазіцыя можа ўдзельнічаць у выбарах”, – перакананы Юры Рубцоў:
– Тактыка ў гэтай барацьбе – няўдзел у спектаклі «выбары». Мы не маем права не скарыстацца магчымасцю не ўдзельнічаць у гэтым спектаклі «выбары», якія не даюць магчымасці дамагчыся хоць якіхсьці зменаў у сферы дэмакратыі. Неабходна выставіць умовы рэжыву і толькі пасля выканання гэтых умоваў апазіцыя зможа ўдзельнчаць у выбарах. Умовы павінны быць простымі, зразумелымі, суленнымі.
Сярод патрабаванняў, якія, на думку палітвязня, апазіцыя павінна вылучыць уладам – свабодны доступ да тэлевізійнага эфіру, скасаванне працоўных кантрактаў, змены ў Выбарчым кодэксе краіны, якія гарантавалі б празрысты падлік галасоў. Юры Рубцоў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў хіміі. Паводле праваабаронцаў, рэальная прычына прысуду – яго палітычная актыўнасць, афіцыйная – знявага суддзі.
Беларускае Радыё Рацыя