Юрый Глушакоў: Улады скасуюць Дэкрэт №3, калі працягнуцца асэнсаваныя пратэсты



 

«Улады скасуюць Дэкрэт №3, калі працягнуцца асэнсаваныя і добра падрыхтаваныя пратэсты», — перакананы прадстаўнік сацыяльнага руху «Разам» Юрый Глушакоў.

— Калі народ выйдзе і выйдзе пад слушнымі патрабаваннямі і лозунгамі, дык яны прыслухаюцца, бо ў іх папросту не будзе іншага выйсця. У гэтага Дэкрэта дзве мэты, пра якія таксама не заўсёды кажуць. Першая, папаўненне бюджэту, то бок фіскальныя мэты, а другая — зніжэнне кошту працоўнай сілы. Ва ўмовах эканамічнага крызісу і прыватны наймальнік і дзяржаўны капітал імкнуцца максімальна знізіць кошт працоўнай сілы. Сёння сапраўды мноства выпадкаў, калі людзі, каб не падпасці пад Дэкрэт, уладкоўваюцца на 0,25 стаўкі.   

Гомельскі актывіст Юрый Глушакоў перакананы, што Дэкрэт №3 ударыў па найбольш неабароненых слаях насельніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель