Юрый Губарэвіч: Пазбаўленне рэгістрацыі нечаканасцю не было
Вярхоўны суд па прапанове Міністэрства юстыцыі прыняў рашэнне пра пазбаўленне рэгістрацыі руху «За свабоду».

Cтаршыня арганізацыі Юрый Губарэвіч адзначае, што ніякіх спадзяванняў на захаванне легальнага статусу арганізацыі ў яго не было.
– Нечаканасцю не было. Працэс гэты цягнуўся як мінімум 6 месяцаў, пачынаючы з вынясення папярэджання і разгляду ў Вярхоўным судзе і комплекснай праверкі. Таксама не толькі юрыдычны бок ціску быў, але і пераслед самой арганізацыі праз правядзенне вобшукаў у офісе і па месцы жыхарства кіраўніцтва арганізацыі. Таму мы рабілі ўсё магчымае, каб праз юрыдычныя механізмы давесці абсурднасць з боку Мінюста.
Па словах Юрыя Губарэвіча, арганізацыя рабіла ўсё, каб яе не ліквідавалі: рыхтавалі дакументы, выпраўлялі памылкі па заўвагах Мінюста, падаваліся скаргі. «Але, відавочна, калі стаіць задача на ліквідацыю, то тут прававыя механізмы ўжо не працуюць», – кажа старшыня «Руху «За свабоду» і спадзяецца, што арганізацыя зноў набудзе легальны статус у новай Беларусі.
– Нейкія фармальныя рэчы, якія надавала рэгістрацыя, яны даўно і так ужо не працуюць. Мы можам казаць пра тое, што актыўнасць людзей захаваецца, мы будзем працаваць над аднаўленнем легальнага статусу, мы цудоўна разумеем, што гэта магчыма толькі пры зменах у Беларусі, якія, спадзяюся, неўзабаве адбудуцца. І аднаўленне легальнага статусу, калі Беларусь нарэшце стане вольнай і дэмакратычнай, яно ўжо будзе адбывацца ў палітычным фармаце, у фармаце палітычнай партыі. Дзеля гэтага таксама працягнем працу.
Рух «За свабоду» быў заснаваны ў 2006-м Аляксандрам Мілінкевічам і такім чынам праіснаваў 15 гадоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
