Юрый Губарэвіч: Рэжым Лукашэнкі – „калос на гліняных нагах”
На мінулым тыдні група беларускіх палітыкаў і дзеячаў прыняла ўдзел у слуханнях па Беларусі, арганізаваных Камітэтам па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Сярод іншага былі закранутыя тры тэмы: саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне ва Украіне і розніца паміж беларускім і расейскім грамадствам у стаўленні да вайны; узмацненне суб’ектнасці дэмакратычных сілаў Беларусі; сітуацыя з маючай адбыцца ліквідацыяй юрыдычнага статусу палітычных партый у Беларусі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з удзельнікам сустрэчы, адказным па пытаннях рэгіянальнага развіцця НАУ, старшынём руху „За Свабоду” Юрыем Губарэвічам пра тое, хто распрацоўвае стратэгічны план Беларусі для Еўропы, ці мажлівы перамовы з рэжымам Лукашэнкі напярэдадні выбараў у Беларусі і якую ролю ў гэтым адыгрывае сітуацыя ва Украіне:
РР: Пытанне пра ваша наведванне камітэта па пытаннях дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Яна адбылася як раз у тыя дні, калі была прынята рэзалюцыя, якая прызнавала датычнасць Лукашэнкі да генацыду ўкраінцаў. Вы паўплывалі неяк на гэтую рэзалюцыю? Ці ў вас была іншая мэта?
– Не, у нас не было ўплыву, нашай дэлегацыі, на гэтую рэзалюцыю, аднак мы як раз прысутнічалі на пасяджэнні Камітэта па справах мігрантаў і перамешчаных асоб, дзе разглядаўся даклад, паводле якога была прынята рэзалюцыя. Была магчымасць назіраць за тым, як дэпутаты ацэньваюць гэты даклад у які ўносяцца праўкі. Насамрэч неаднаразова гучала тэма Беларусі, як раз такі вось ацэнка, што калі ўзгадваўся Лукашэнка, то менавіта была ўнесена фраза, што гэта саманазваны прэзідэнт. Беларусь мае дачыненне праз дзеянні тых, што зараз кіруюць, да вывазу дзяцей, што з’яўляецца парушэннем міжнародных законаў і адпаведна злачынствам.
РР: Якія агулам праблемы па міграцыі і сітуацыі беларусаў у іншых краінах былі агучаныя? Што ўдалося данесці да Еўропы?
– Гэта была тэма другога дакладу пасяджэння камітэту. Там прэзентавалася інфармацыя па беларусам, быў праведзены папярэдні маніторынг прадстаўнікамі ПАРЕ з выездам у Польшчу і Літву. Сустрэчы з рознымі дэмакратычнымі і грамадскімі беларускімі групамі, таксама з мясцовымі ўладамі. Дастаткова шырокі спектр праблем ахоплівае. Сярод іх ёсць і бытавыя праблемы, праблемы ўладкавання, атрымання ВНЖ, атрымання магчымасці працаваць, адкрываць банкаўскія рахункі. Так і іншая катэгорыя праблем звязаных з уладкаваннем грамадскага або культурніцкага жыцця. У прыватнасці згадвалася, што ў беларусаў ёсць запатрабаванне на навучанне дзяцей на нацыянальнай мове і з гэтым справы не вельмі добра на сёння выглядаюць. Хіба толькі адна школа, якая здольная забяспечыць такія патрэбы.
РР: Вы былі з візітам у ПАРЕ, як прадстаўнік НАУ?
– Не, я быў, як кіраўнік Руху „За Свабоду”. Гэта адмысловая праграма, адмысловае запрашэнне для палітычных партый. У нас ёсць палітычная група партый, недзе з 9-10-ці розных структур, якая каардынуе паміж сабой дзейнасць, якая самастойная ў сваіх межах вылучае прадстаўнікоў на кожнае з пасяджэнняў. Будзе дзейнічаць прынцып ратацыі і на наступную сесію паедуць прадстаўнікі іншых структур. Аднак мы разам фармуем павестку, узгадняем пытанні, якія будуць падымаць нашыя прадстаўнікі ў часе падобных візітаў.
РР: У гэтай ратацыі ўдзельнічаюць выключна зарэгістраваныя беларускія партыі?
– Як зарэгістраваныя, так і не зарэгістраваныя. Так, гэта беларускія партыі. Вось, у прыватнасці, разам са мной быў прадстаўнік партыі Статкевіча – Яўген Вільскі. Тут можна казаць пра некалькі ўзроўняў узаемадзеяння Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы з беларусамі. Ёсць грамадскі ўзровень і тут справа пачатая ўжо даволі даўно, яшчэ ў мінулым годзе. На гэтым узроўні як раз адбываецца камунікацыя з прадстаўнікамі грамадскага сектара, асобна ёсць фармат камунікацыі з палітычным сектарам.
З „Госцем Рацыі” – з адказным па пытаннях рэгіянальнага развіцця НАУ, старшынём руху „За Свабоду” Юрыем Губарэвічам, размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя