Юрый Хашчавацкі: Расейцы чапляюцца за любую магчымасць апраўдацца



Беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі распавёў пра тое, навошта расейскай прапагандзе аказаўся патрэбны беларускі спартыўны чыноўнік Фомачкін.

Юрый Хашчавацкі

У расейскіх СМІ прайшла чарговая прапагандысцкая хваля – на гэты раз з нагоды таго, што падарылі кватэру пад Масквой беларускаму чыноўніку з Мінспорту Андрэю Фомачкіну, які адзначыўся праносам падчас Паралімпіяды расейскага сцяга. На каго разлічаны гэтыя прапагандысцкія закіды?

Юрый Хашчавацкі: Прапганда, як і раней, разлічана на падтрыманне і пашырэнне расейскай агрэсіі ў адносінах да астатняга свету. Гэта, як у сітуацыі з чалавекам, які ўсіх аблаяў, на яго ўсе глядзяць зняважліва і той пачынае сябе адчуваць ізгоем. А яму яшчэ кажуць: “Ты становішся такім па ўласнай ініцыятыве”. І ў гэтага чалавека адбываецца істэрыка. Таму Расея так і ўчапілася ў беларускага Фомачкіна з расейскім сцягам. Прапагандыстам трэба паказаць і даказаць, что Расею любяць і падтрымліваюць. Яны чапляюцца за любую магчымасць. Я ўвогуле не выключаю магчымасці, што ўся гэтая гісторыя з расейскім сцягам была арганізавана па ранейшай дамоўленасці паміж бакамі. Хаця можа і памыляюся…

РР: Ва ўсялякім разу афіцыйна ўжо было абвешчана, што гэтая акцыя была ўзгоднена ў Беларусі на самым высокім узроўні.

Юрый Хашчавацкі: Тым больш, нічога дзіўнага ва ўчынку дробнага спартыўнага чыноўніка няма. Ён – шэраговы выканаўца.

РР: Але на каго “спрацавала” расейская прапаганда ў гэтым выпадку больш – на суайчыннікаў ці на беларусаў?

Юрый Хашчавацкі: І на тых, і на другіх, бо інкарпарацыя Беларусі ў Расею – гэта пытанне, якое з павесткі дня ніхто не здымаў. Звярніце ўвагу, што ў Расеі па-ранейшаму ніхто не кажа “Беларусь”. Яны называюць нашу краіну “Белоруссией”, нягледзячы на тое, што заўвагі рабіліся шмат разоў. Нават само слова “Беларусь” выклікае ў Крамля непрыняцце і раздражненне. І зразумела – чаму. Там не могуць цярпець таго, што Беларусь – суверэнная, як і Україна. Дарэчы, чуў, што кіраўніцтва беларускіх паралімпійцаў сказала, што гатова было пранесці і ўкраінскі сцяг, калі б украінскія спартсмены апынуліся ў такой жа сітуацыі, як і расейскія, але не думаю, што гэта здарылася б. Яны пранеслі той сцяг, які ім загадалі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя