Юрый Рошка: Беларусь будзе лавіраваць паміж Усходам і Захадам
Лідар Хрысціянска-дэмакратычнай народнай партыі Малдовы Юрый Рошка ацаніў сітуацыю ў Беларусі і распавёў пра перспектыву страты беларусамі незалежнасці.
Юрый Рошка: Лукашэнка – своеасаблівы ігрок на палітычным полі. Праўда, ён – гаспадарнік, але не інтылектуал. А трэба яшчэ быць і маральным лідарам нацыі. З аднаго боку беларуская ўлада залежыць ад Масквы, з іншага – беларускі лідар дазваляе сабе рэзка крытыкаваць таго ж Пуціна. Але ўсё залежыць ад таго, што мы лічым нормай дзяржаўнага будаўніцтва і адхіленнем ад яго. Калі сыходзім з прынцыпа, што Захад – гэта норма, то Лукашэнка і яго рэжым – адхіленне ад нормы. Але мне здаецца, што ў эканамічным плане Беларусь зараз выйграе. Кітай таксама не пайшоў па шляху шокавай тэрапіі, а зараз з’яўляецца магутнай эканамічнай дзяржавай.
РР: Праеўрапейская кааліцыя апярэдзіла сацыялістаў і камуністаў на парламенцкіх выбарах, што прайшлі 30 лістапада. Ці можна сказаць, што краіна ўжо зрабіла свой выбар у бок Еўропы?
Юрый Рошка: Нельга, бо ўсё падзелена практычна 50 на 50. Гэта паказваюць і розныя выбары, і сацыялагічныя даследванні. Калі і ёсць у некага перавага, то зусім маленькая. Грамадства раздзелена напалову.
РР: Але крэн у бок Еўропы адчуваецца?
Юрый Рошка: Так, але правільней было б сказаць, што гэта Еўропа ў наш бок больш накрэнілася ў апошні час. Але, як мне падаецца, трэба супрацоўнічаць з Еўразвязам, але не варта туды ўваходзіць, каб не атрымаць статус перыферыі з навязваннем правілаў гульні.
РР: Беларускія ўлады пастаянна лавіруюць паміж Еўропай і Расеяй, атрымоўваючы з гэтага нейкія свае дывідэнды. Ці мае права на жыццё такая тактыка?
Юрый Рошка: Пакуль мае, але тут трэба глядзець на тое, наколькі ў Беларусі падрыхтавана пераемнасць улады. Што адбудзецца пасля таго, як Лукашэнка перастане быць прэзідэнтам? Вось у гэтым праблема. Таму што справа не ў палітычнай сістэме Беларусі, а ў палітыцы аднаго чалавека. Але, разумееце, Беларусь знаходзіцца ў такім геаграфічным становішчы, што і павінна лавіраваць, калі хоча застацца незалежнай краінай з правам на будучыню. Інакш стане часткай альбо Расеі, альбо Еўразвязу.
РР: Расейскую агрэсію ўсе ўбачылі падчас канфлікта ва Украіне… А ці ёсць, на ваш погляд, пагроза страты незалежнасці Беларуссю?
Юрый Рошка: Паўтаруся, – гэтая пагроза для Беларусі прысутнічае з абодвух бакоў – і з Усходу, і з Захаду. Проста трэба глядзець, якімі інструментарыямі працуе Еўропа, а якімі Крэмль. І беларускія палітыкі павінны самі выбіраць, дзе ім больш небяспечна. Што можа менш нашкодзіць нацыянальным інтарэсам.
РР: Як вы ацэньваеце праект ЕЎРАЗЭС?
Юрый Рошка: Пакуль я не бачу, каб гэтая структура была жыццяздольная, бо кожная эканоміка мае свае інтарэсы. Таму пастаянна будуць прымаць нейкія падзаконныя акты, каб абмежаваць перамяшчэнне тавараў з аднага рынка на другі. І Лукашэнка гэта разумее.
Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя