Лябедзька заклікае Рубцова “да іншых форм змагання” (абноўлена)



“Мы не абыякавы да лёсу і патрабаванняў Юрыя Рубцова”, – кажа Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Так ён каментуе абвяшчэнне палітычным вязнем бестэрміновай галадоўкі з патрабаваннем прадаставіць час для апазіцыі ў эфіры беларускага тэлебачання.

Аднак, “калі б усё вырашалі заявы, мы б не жылі ў аўтарытарнай краіне”, – кажа Лябедзька:

 – Спрабуем адгаварыць яго не ад патрабаванняў, а ад формы барацьбы, якую ён прыняў для сябе, каб дабівацца рашэння гэтых праблем. Гэта тупіковы шлях. Мы пэўныя захады зробім… Але, нават са свайго досведу, лічу, што трэба шукаць іншыя формы змагання.

Юры Рубцоў галадае ўжо пяты дзень, пакуль што ніхто з палітыкаў апазіцыі не адгукнуўся на яго патрабаванні:

Пасля таго, як я абвясціў галадоўку, ніводны з іх не выказаўся пра тое, што ім неаходны час для эфіру. Людзі, якія не могуць зразумець важнасць эфіру на беларускім тэлебачанні для палітычных сіл рознага толку, не могуць быць палітыкамі. 

22 студзеня Юры Рубцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку пратэсту. Між іншым, ён патрабуе гарантаваць яму ў час адбыцця “хіміі” ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну працу з заробкам у 600 даляраў.

Праваабаронцы прызналі Рубцова палітычным вязнем. Ён вядомы тым, што падчас леташняга “Чарнобыльскага шляху” выйшаў у кашульцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь!”

* * *

Пяты дзень Юры Рубцоў працягвае галадоўку пратэсту ў папраўчай калоніі ў Купліне.   Актывіст адзначае, што яго заява аб галадоўцы надалей не зарэгістраваная адміністрацыяй калоніі, медыкі таксама яго не глядзелі. Рубцоў скардзіцца на галаўныя болі:

– Мне дазволілі днём ляжаць у ложку. Здзіўляе пазіцыя палітычных апазіцыйных сіл, якія маўчаць і не падаюць пазовы ў суд з патрабаваннем даць ім эфір на тэлебачанні. З гэтага я раблю выснову, што гэта не проста апазіцыйныя сілы, а апазіцыя, створаная самім Лукашэнкам для таго, каб апраўдваць яго жорсткія дзеянні.

22 студзеня Юры Рубцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем гарантаваць яму ў калоніі заробак у памеры сярэдняй зарплаты ў Беларусі, а таксама гарантаваць эфір на дзяржаўным  тэлебачанні   беларускай апазіцыі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Палітычны зняволены Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, падаў пісьмовую заяву на імя начальніка гэтай установы Юрыя Бакіева. У заяве ён паведаміў пра галадоўку і свае патрабаванні. Рубцоў патрабуе афіцыйнай фіксацыі галадоўкі кіраўніком камендатуры і медыкамі. Копію заявы ён перадаў праваабаронцам, – кажа праваабаронца з Бярозы Сяржук Русецкі:

– Паколькі спадар Рубцоў сумняваўся, што ягоную заяву зарэгіструюць, таму праз праваабаронцу ён разаслаў яе заказным лістом у СМІ і праваабаронцам, адпаведна яна была накіравана ў “Народную Волю”, праваабарончы цэнтр “Вясна” і спадару Мацкевічу, якому ён давярае весці перамовы на конт прадстаўлення тэлебачання.

Палітычны вязень Юрый Рубцоў 22-га студзеня абвясціў галадоўку, паколькі ўжо месяц яму не прадастаўляюць працу з сярэднім заробкам у 600 даляраў, які абвешчаны афіцыйна, у тым ліку Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама Рубцоў патрабуе прадастаўлення гадзіны тэлевізійнага эфіру для апазіцыі на цэнтральным тэлеканале Беларускага тэлебачання. Пакуль вязень пачувае сябе добра.

Беларускае Радыё Рацыя