Юрый Рубцоў першыя гадзіны на волі прысвячае сям’і
Былы палітвязень Юрый Рубцоў першыя гадзіны на волі прысвячае сям’і і ўнуку. Пасля некалькіх месяцаў турэмнага зняволення ён адчувае праблемы са здароўем. Але рэпрэсіі і ціск не змянілі ягонага стаўлення да палітычнай сітуацыі ў краіне.
– Вельмі цяжка Лукашэнку ў чымсьці пераўпэўніць, прымусіць што-небудзь зрабіць. Я быў вельмі здзіўлены яго ўказу аб памілаванні. Тым больш што выпусцілі не толькі мяне, але ўсіх палітвязняў. Гэта сведчыць пра тое, што вельмі кепска стала ў нашай краіне. Лукашэнка пайшоў на ўступкі ЕЗ, якія тычыліся палітзняволеных. Безумоўна, я задаволены, бо бачу сям’ю. Але мяне засмучае тое, што памілавалі. А павінны былі апраўдаць. Таму буду змагацца далей, каб мяне апраўдалі.
Гамяльчук Юрый Рубцоў, як і іншыя пяць палітвязняў, былі вызваленыя ўвечары 22 жніўня. Фармальнай падставай для вызвалення стаў указ кіраўніка дзяржавы аб памілаванні.
У кастрычніку 2014 года Юрыя Рубцова асудзілі за абразу суддзі на паўтара года „хіміі”. Знаходзячыся на спецпасяленні, апазіцыянер запатрабаваў сярэдні па Беларусі заробак у памеры 600 даляраў, за што атрымаў дадатковыя 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель