Юрый Шульган перакваліфікуецца ў “назіральніка”



Сёння Юрый Шульган, які прэтэндаваў на прэзідэнцкую пасаду, і кіраўнік яго штаба Паўлюк Канавальчык падалі скаргу на рашэнне Маскоўскага суда Менска.

Нагадаем, 20 ліпеня Маскоўскі суд Менска аштрафаваў Юрыя Шульгана на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў „за нецэнзурную лаянку”.

08_shulgan_article_big

Шульган быў затрыманы 17 ліпеня каля будынка ЦВК. Ён збіраўся занесці туды дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Аднак Юрыя Шульгана не прапусцілі, ахова палічыла, што ён не надта цвярозы. Яго затрымалі разам з кіраўніком групы Паўлюком Канавальчыкам. Апошняга таксама аштрафавалі „за нецэнзурную лаянку” на 5,4 млн рублёў.

Чым зараз займаецца “каманда” Юрыя Шульгана, якую выключылі з прэзідэнцкага змагання?

Паўлюк Канавальчык: Акурат сёння падалі ў Менскі гарадскі суд касацыйную скаргу на рашэнні Маскоўскага суда. Будзем чакаць, чым закончыцца справа. Калі і там будзе адмоўны вынік, пойдзем па інстанцыях вышэй.

РР: Чым зараз займаецца Юрый Шульган?

Паўлюк Канавальчык: На гэты момант – адпачывае ад прэзідэнцкага змагання, думае, чым далей яму займацца. Зрэшты, ён ужо вырашыў, што на выбарах стане назіральнікам. Гэта так і будзе называцца – незалежнае назіранне Юрыя Шульгана. Зараз выпрацоўваем стратэгію і фармат назірання. Спадар Шульган будзе цікавіцца, як ідзе збор подпісаў на пікетах, правядзе маніторынг грамадзянскай актыўнасці… У яго наперадзе вельмі вялікі кавалак працы.

РР: Увогуле, ці задаволены вы сваім удзелам у кампаніі?

Паўлюк Канавальчык: Вядома, такога сумнага фіналу мы не чакалі, але, як сталася – так сталася. Таму бярэм пад увагу тое, што адбылося, і збіраемся нейкім чынам змагацца і надалей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belsat.eu