Юрый Шульган рыхтуецца “ўліцца” ў парламенцкую кампанію
Павел Канавальчык, які быў кіраўніком штаба прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду на выбарах 2015 года “дармаеда” Юрыя Шульгана, паведаміў, што “спадар Шульган думае прыняць удзел і ў парламенцкай кампаніі, каб ажывіць яе”.
Павел Канавальчык: Да канца пакуль не вызначыліся з удзелам у выбарах, але якраз у гэтыя дні прымем канчатковае рашэнне. Тут яшчэ трэба думаць над тым, якую акругу выбраць, хто там будзе супернікам, каб, як кажуць, уступіць у справядлівы бой за галасы.
РР: А каго б хацелі бачыць з супернікаў?
Павел Канавальчык: Думаю, больш за ўсё падыходзілі б прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду”, можна было б іх вывесці на чыстую ваду. Вось і народ пабачыў бы, хто больш праўдзівы – прадстаўнік “Гавары праўду” ці Юрый Шульган. Зрэшты, для нас парламенцкая кампанія і ўдзел у ёй (калі ўсё-такі вызначымся на гэты конт), груба кажучы, – гэта шоу. Мы прыўнеслі б драйву і ў выбары ў нашай акрузе, і ўвогуле ў кампанію. Удзел у кампаніі стаў бы рупарам таго, якім чынам адбываюцца ў Беларусі выбары.
РР: Але ж на гэта неабходны нейкія фінансы…
Павел Канавальчык: Адразу скажу: грошай няма, таму ўсё будзе рабіцца саматугам. У нас разлік на тое, што мы зможам зрабіць нізкабюджэтную, але эфектыўную медыйную кампанію.
РР: Чым зараз займаецца экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта?
Павел Канавальчык: Рыхтуецца да ўлівання ў парламенцкую кампанію.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by