Рубцоў: Праваабаронцам трэба праверыць законнасць дзейнасці спецкамендатур
Палітзняволены Юрый Рубцоў, які адбывае тэрмін у спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, лічыць, што праваабаронцам таксама трэба падключыцца да праверкі пракуратурай Пружанскаага раёна інструкцый камендатуры на прадмет законнасці. Пры сустрэчы з памочнікам пракурора Халько Рубцоў вылажыў гэта ў сваіх патрабаваннях. Таму што многія інструкцыі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парушаюць правы зняволеных, кажа Юрый Рубцоў:
– Я звярнуў увагу на той факт, што тут, у гэтай установе, прымушаюць людзей 4 гадзіны адпрацоўаць бясплатна на саму ўстанову. У рашэнні суда нідзе не пазначана, што я павінен прымусова працаваць. У Канстытуцыі напісана, што прымусовая праца забаронена. Адказ, які дае памочнік пракурора, сведчыць пра яго кваліфікацыю, ён кажа, што гэта маецца на ўвазе ў рашэнні суда.
Паводле Юрыя Рубцова, прыніжае чалавечую годнасць і прымус займацца прыборкай у кабінетах супрацоўнікаў камендатуры, і тое, што спецустанова адкрытага тыпу нагадвае турму: зняволеных не выпускаюць на вуліцу. Акрамя як вынесці смецце, павесіць бялізну або выбіць дарожкі. За вадой у вёску толькі пад канвоем. У пакоях скучанасць, не хапае паветра.
Асабісты выбар Юрыя Рубцова – праз галадоўку дамагчыся выканання ўладай канстытуцыйных правоў чалавека. І першае, – гэта доступ апазіцыі да тэлеэфіру. Пачувае сябе палітвязень нядрэнна. Турбуюць толькі галаўныя болі.
* * *
Трымае галадоўку пратэсту ў калоніі ў Купліне палітвязень Юры Рубцоў. Актывіст вылучыў палітычнае патрабаванне: гарантаваць эфір для апазіцыйных палітыкаў на дзяржаўным тэлебачанні.
Апазіцыя скептычна ставіцца да магчымасцяў дабіцца эфірнага часу праз галадоўку.
Юры Рубцоў так патлумачыў сваім апанентам рашэнне пра прычыны галадоўкі
– Крытыкам у мой адрас магу сказаць наступнае: зараз патрэбна аказваць ціск не на мяне, а на Лукашэнку. Гэта не я парушаю асноўны Закон Беларусі. Парушае Канстытуцыю Лукашэнка. Патрабаванне эфіру на цэнральным канале – гэта патрабаванні не мае, гэта патрабаванні Канстытуцыі я проста патрабую, каб Лукашэнка іх выконваў.
У кастрычніку 2014 году суддзя Цэнтральнага суду Менску Наталля Вайцеховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною – пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях – 2014». Рубцоў быў на шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезлі ў суд у адных штанах.
Калі суддзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў суддзі, назваў яго «падонкам». Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.
28-га студзеня – шосты дзень бестэрміновай галадоўкі актывіста Юрыя Рубцова, які адбывае тэрмін у выглядзе абмежавання волі ў калоніі ў Купліне Пружанскага раёна. Як паведаміў Юрый Рубцоў, сёння заява аб яго галадоўцы і патрабаваннях была зарэгістраваная. З ім таксама сустрэўся памочнік пракурора.
– Заяву маю ўсё ж такі зарэгістравалі. Быў памочнік пракурора, каб высветліць, якія ўздзеянні прымала на мяне адміністрацыя, мяркуючы, што я пачаў галадоўку з-за нейкага ціску адміністрацыі турмы. Адміністрацыя турмы мяне прымушала працаваць за той заробак, які яна мне прапанавала, і я адмовіўся, але мае палітычныя патрабаванні маюць першасную важнасць, і памочнік пракурора ў маіх сведчаннях адзначыў тое, што патрабаванне годнага заробку пераходзіць на другі план, і яно павінна быць выканана пасля выкання асноўнага патрабавання – палітычнага.
22 студзеня Юры Рубцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем прадаставіць эфір на дзяржаўным тэлебачанні прадстаўнікам апазіцыі, а таксама гарантыяў працы ў калоніі з сярэднім заробкам па краіне. Юрыя Рубцова Беларускі Хельсінскі камітэт і праваабарончы цэнтр „Вясна” прызналі палітвязнем.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя