Юшчанка: У 2008 годзе ўкраінцы хацелі бачыць сваім прэзідэнтам Пуціна



З сенсацыйнай заявай выступіў Віктар Юшчанка. Паводле экс-прэзідэнта Украіны, у 2008 годзе каля 70 % украінцаў хацела бачыць сваім прэзідэнтам Уладзіміра Пуціна. Пра гэта былы кіраўнік дзяржавы сказаў у інтэрв’ю кіеўскаму інтэрнэт-парталу “Апостраф”.

Расказвае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Паводле Віктара Юшчанкі, ці не галоўная прычына вайны на Усходзе Украіны – слабыя нацыянальная ідэнтычнасць і адсутнасць нацыянальнага адзінства. “Калі мы рабілі сацыялагічнае апытанне ў 2008 годзе, на пытанне „Ці хацелі б вы бачыць прэзідэнтам Уладзіміра Пуціна?”, больш за палову ўкраінцаў адказала “так”. На частцы нашых тэрыторый і быў створаны “русский мир», – падзяліўся некалі закрытай інфармацыяй былы ўкраінскі лідар.

“Прычыну трэба шукаць у нас саміх, і калі мы яе ўбачым, то з’явяцца ўсе шанцы яе выправіць, і тады мы станем годнымі праціўнікамі пуцінскай Расеі”, – дадаў Віктар Юшчанка.

Згодна з сацыялагічнымі даследваннямі, найвялікшы рэйтынг расейскага прэзідэнта Пуціна фіксаваўся ва Украіне за часамі прэзідэнцтва Віктара Януковіча.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя