З 1 студзеня ўезд ва Украіну па біяметрычных пашпартах



МЗС Беларусі чакае афіцыйнага паведамлення адносна зменаў у правілах уезду ва Украіну, гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка ў сувязі з інфармацыяй аб узмацненні жорсткасці Украінай правілаў уезду для замежнікаў.

„Мы адсочваем дыскусію і прымаемыя ўкраінскім бокам рашэнні па пытаннях уезду замежнікаў. На дадзены момант афіцыйна ўкраінскія партнёры нам ні пра што не паведамлялі. Але мы зыходзім з таго, што адпаведная інфармацыя паступіць загадзя. Абмен такой інфармацыяй прадугледжаны двухбаковым пагадненнем аб бязвізавых паездках”, — адзначыў прэс-сакратар МЗС.

„Пакуль з апублікаваных у СМІ паведамленняў вынікае, што дзяржаўным органам Украіны адводзяцца двух-, трохмесячныя тэрміны на выпрацоўку адпаведных механізмаў. Чакаем афіцыйнага паведамлення і пры неабходнасці будзем абмяркоўваць з украінскім бокам пытанні, каб пазбегнуць узнікнення праблем у грамадзян дзвюх краін пры перасячэнні нашай агульнай мяжы”, — гаворыцца ў каментары.

Украіна зрабіла больш жорсткім правілы ўезду ў краіну для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Указ аб гэтым падпісаў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка. З 1 студзеня 2018 года ўезд ва Украіну „замежных грамадзян, у тым ліку Расейскай Федэрацыі”, магчымы толькі па біяметрычных пашпартах. Таксама замежнікам і асобам без грамадзянства трэба будзе адправіць папярэдняе электроннае паведамленне аб планах наведаць Украіну.

1 верасня ў ходзе рабочай паездкі ў Харкаўскую вобласць Парашэнка растлумачыў, што новыя правілы будуць дзейнічаць для грамадзян з дзяржаў, якія ўяўляюць пагрозу для Украіны.

Варта адзначыць, што ў Беларусі біяметрычныя пашпарты грамадзянам пачнуць выдаваць з 1 студзеня 2019 года.

belapan.com