З 28 сакавіка – Еўразвяз для грамадзянаў Грузіі без віз
Грамадзяне Грузіі змогуць наведваць краіны Еўрапейскага звязу без віз з 28 сакавіка. Пра гэта гаворыцца на сайце грузінскага Міністэрства замежных спраў.
Правам на наведванне Еўразвязу без віз змогуць скарыстацца і грамадзяне Грузіі, якія жывуць на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Грамадзяне Грузіі, якія маюць біяметрычныя замежныя пашпарты, змогуць знаходзіцца ў краінах Шэнгенскай зоны 90 дзён са 180.
Бязвізавы рэжым не прадугледжвае права на працаўладкаванне ў краінах Еўразвязу.
Перамовы аб бязвізавым уездзе грамадзян Грузіі ў Еўразвяз вяліся з 2012 года. У снежні 2016 га Еўразвяз папярэдне ўхваліў механізм адмены візаў.
Сёлета 2 лютага Еўрапарламент прагаласаваў за лібералізацыю візавага рэжыму для грамадзян Грузіі. У канцы лютага Рада Еўразвязу зацвердзіла гэтае рашэнне.
