З Дзмітрыя Рэзановіча выбівалі паказанні з дапамогай сыраваткі праўды



Больш за тры месяцы ў расейскай турме знаходзіцца актывіст анархісцкага руху з Беларусі Дзмітрый Рэзановіч. Хлопца затрымалі ў дзень рэферэндуму пра далучэнне Крыма да Расеі. Спецслужбам РФ падаўся падазроным знешні выгляд маладзёна і дакументы.

Сястра арыштаванага анархіста Тамара згадвае акалічнасці затрымання:

– Майго брата затрымалі 16 сакавіка бягучага года ў дзень правядзення рэферэндуму пра далучэнне Крыма да Расеі. У гэты перыяд расейскія спецслужбы вельмі ўважліва глядзелі на ўсіх, хто прыбывае з Украіны. На брата адразу звярнулі ўвагу, паколькі ён быў апрануты ў камуфляжную форму і меў пры сабе нейкія ўлёткі палітычнага зместу. На вакзале горала Курска яго затрымалі. 

Падчас тэлефоннай размовы з Тамарай Дзмітрый Рэзановіч паведаміў, што цягам двух тыдняў спецслужбы з яго выбівалі паказанні адносна ўдзелу ў Еўрамайдане: „Мне Дзіма сказаў, што яму калолі сыраватку праўды і прызнанні гэтыя здымалі на відэа„.

На думку сястры, напярэдадні крымскіх падзеяў расейская прапаганда хацела зляпіць з хлопца „вобраз ворага”.

У першыя дні затрымання Змітра на некаторых расейскіх рэсурсах з’явілася інфармацыя, што „баявік Еўрамайдана” нават збіраўся здзейсніць тэракт на Курскай АЭС. Аднак, калі палітычныя жарсці па Крыме трошкі суцішыліся, абсурдныя абвінавачанні адпалі самі па сабе. Цяпер маладзёну інкрымінуецца парушэнне парадку перасячэння мяжы і прыбывання на тэрыторыі РФ. Прычынай такога абвінавачання сталася тое, што пры затрыманні ў Дзмітрыя чамусьці пры сабе быў пашпарт брата, які ён і прадаставіў супрацоўнікам расейскіх спецслужбаў.

Сваякі Дзмітрыя Рэзановіча цягам некалькіх месяцаў звярталіся ў консульства Беларусі ў Расеі, аднак беларускія дыпламаты не надта актыўнічалі ў справе абароны правоў затрыманага грамадзяніна. „Яны за адзін тыдзень маглі б прадаставіць расейскаму боку пашпартную форму на Дзіму, але дадзеныя прыйшлі толькі ў траўні. Можаце сабе ўявіць, наколькі яны ў гэтым былі зацікаўленыя!„, – абураецца сястра.

Судовае пасяджэнне па справе анархіста Дзмітрыя Рэзановіча адбудзецца ў Курску 3 ліпеня. Актывісту пагражае 2 гады турмы альбо штраф у 200 тысячаў расейскіх рублёў з дэпартацыяй.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота mbasic.facebook.com