З Генпракуратуры Беларусі звальняюцца высокапастаўленыя супрацоўнікі



За апошні час з Генеральнай пракуратуры звольніліся адразу некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў.

Прычына — нязгода з тым, якую пазіцыю заняло ведамства ў дачыненні да грамадзянаў, якіх пераследуюць за выказванне меркавання, у тым ліку да пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў. У следчыя органы паступіла больш за 1800 заяў на катаванні, аднак невядома ні пра адну крымінальную справу па іх.

Так, стала вядома, што сышоў з Генпракуратуры аўтарытэтны пракурор, начальнік аддзелу дзяржаўнага абвінавачвання Эльдар Сафараў. Сваё рашэнне ён пракаментаваў «Нашай Ніве»: «Так, мой сыход звязаны з падзеямі лета і восені. Але застаецца шмат выдатных людзей, і кіраўнікоў і падначаленых, таму гэтым абмяжуюся».

Як стала вядома парталу Tut.by, са службы звольніўся і Алег Талерчык, які 19 гадоў адпрацаваў у пракуратуры, апошнія 9 — у Генпракуратуры, ён быў старшым пракурорам упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам. Да 20-гадовага стажу дзяржслужачага, які дае права на падвышаную пенсію, заставалася крыху больш за год. «Гэта быў унутраны экзамен для самога сябе, — растлумачыў Талерчык. — Я вырашыў расказаць аб сваім рашэнні, каб сімвалічна падтрымаць адважных беларусаў, якія падвергліся рэпрэсіям. Як прафесіянал у гэтай сітуацыі я ім дапамагчы, на жаль, ня змог».

Паводле інфармацыі Tut.by, за апошні месяц Генпракуратуру пакінулі шэраг начальнікаў аддзелаў і намеснікі начальнікаў упраўленняў. Знайсці юрыстаў такой кваліфікацыі на замену няпроста.