З мінулым трэба разлічыцца…



Без разліку з мінулым не магчымы рух наперад. У гэтым упэўнены ўдзельнікі канферэнцыі „Люстрацыя для Беларусі”, якая прайшла ў Менску 18 траўня. Па словах аднаго з яе арганізатараў і распрацоўшчыкаў канцэпцыі люстрацыі Вацлава Арэшкі, на паседжанні падведзены вынікі працы групы, якая ўжо працяглы час рыхтуе гэты дакумент. Рабочы варыянт канцэпцыі ўжо гатовы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вацлаў Арэшка: Наступным этапам будзе папулярызацыя гэтай канцэпцыі. І размова ўжо не ў вузкім коле спецыялістаў — экспертаў. Мы паспрабуем размаўляць з грамадствам, з дэмакратычным грамадствам, з грамадзянскай супольнасцю, будзем выходзіць на больш шырокія колы, каб паняцце „люстрацыі”, задума „люстарцыі”, усведамленне таго, што з мінулым трэба разлічвацца, стала часткай грамадскай свядомасці. Калі гэтага не зрабіць, калі з мінулым не развітацца ў пэўны час, і дастакова цывілізавана, то альбо мінулае вяртаецца і б’е, так скажам, нас па галаве, ці самі мы штосьці забываем і становімся часткай таго самага мінулага, а не будучыні. Таму мэта канцэпцыі — не столькі распрацоўка будучых законапраектаў па люстрацыі, колькі менавіта размова з грамадствам на гэтую тэму.

Першае, што для нас вельмі важна – мы прапануем, каб разгледжаны быў і савецкі перыяд, і перыяд аўтарытарны, які наступіў ў 90-ыя годы. Другое — мы хацелі б падкрэсліць, што люстрацыя не ёсць помстаю і не ёсць пакараннем. Гэта хутчэй спроба абараніць дэмакратыю, абараніць грамадства ад тых людзей, якія мысляць і працуюць па-іншаму, не дэмакратычна, якія стваралі аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы і з’яўляюцца іх часткай. У нашай сітуацыі гэта вельмі важна, таму што вельмі востра стаіць пытанне абароны суверэнітэту, незалежнасці Беларусі. Гэтыя ж людзі яны ёсць і носьбітамі  антынезалежніцкай палітыкі. Іх трэба выключаць з палітычнага поля. Мы ж не прапануем нікога караць, саджаць. Гэта справа судоў, справа праваахоўных органаў. Мы прапануем проста абмежаваць частку такіх аўтарытарных  дзеячоў у палітычным жыцці ў будучым… У грамадстве ёсць зацікаўленасць да люстрацыі. І ёсць у прынцыпе пазітыўнае стаўленне да гэтага працэсу. Таму не трэба пераменьшваць свядомасць нашага народа. Наш народ не такі ўжо дурны. Беларусы у гэтым плнае маюць  нейкі здаровы сэнс. Беларускае грамадства зразумее і ўспрме гэты дакумент як неабходную частку пераменаў”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вінцук Вячорка: У беларусаў вельмі сумны досвед XX і пачатку XXI стагоддзя. Мы мелі шанец пазбыцца таталітарнага і небеларускага рэжыму, я маю на ўвазе СССР, і прыступіць да будаўніцва свабоднай, незалежнай , беларускай Беларусі. Але прыйшоў лукашызм, аўтарытарны персаналісцкі рэжым, які таксама не мае на мэце гістарычную перспектыву для Беларусі і беларускага народу. Іншыя народы, якія здолелі ачысціцца ад камуністычнай і імперскай спадчыны, прайшлі працэдуру люстрацыі кіроўных органаў. Тыя, хто гэтага не прайшоў, маюць сёння пэўныя праблемы. Нам трэба рыхтаваць беларускае грамадства да таго, што кола тых, хто будзе адказным за лёсы нашай дзяржавы, не павінна ўтрымліваць у сабе людзей ранейшых, людзей ранейшай эпохі”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ігар Кузняцоў, гісторык, даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій: Ні ўводнай краіне не было досведа ідэальнага правядзення люстрацыі. З меншымі стратамі гэта адбылося ў Германіі. У іншых краінах гэта быў даволі складаны працэс. І мы добра разумелі, што для Беларусі будзе яшчэ больш складаны варыянт, улічваючы, што праводзіць люстрацыю ў краіне, дзе паняцці правоў чалавека і свабоды яшчэ далёка ад нормы,  будзе значна складаней. Але нягледзячы на гэта, у нас атрымалася выпрацаваць праект акта аб асуджэнні таталітарызма і аўтарытарызма ў Беларусі і прапанаваць для абмеркавання першы варыянт канцэпцыі аб правядзенні будучай люстрацыі, калі тут складуцца ўмовы для гэтага.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Былі і скептыкі. Адныя казалі — гэта бессэнсоўна. Другія — ужо позна, трэба было праводзіць люстрацыю яшчэ у 1991 годзе. А ёсць яшчэ трэцяя катэгорыя — гавораць, што гэта яшчэ рана праводзіць, вось калі ўлада будзе змяняцца, тады і трэба займацца люстрацыяй. Усё ж такі ісціна ляжыць пасярэдзіне. Чым раней гэтым працэсам заняцца, тым больш эфектыўна можна выпрацаваць адпаведныя заканадаўчыя і іншыя акты. І галоўная — гэта істотны момант, звязаны з люстрацыяй, гэта функцыя прафілактыкі. Г.зн. сённяшні чыноўнк, суддзя, супрацоўнік праваахоўных органаў, калі ён усведамляе, што пакаранне будзе непазбежным, а калісьці гэты час прыйдзе, то ён будзе старацца не выяўляць лішняй ініцыятывы,  гэта як мінімум, што сёння трэба. І прытрымлівацца нават тых законаў, якія сёння ёсць, хаця яны далёка не адпавядаюць тым патрабаванням, якія ставіць дэмакратычнае грамадства.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Марат Гаравы, журналіст і грамадскі дзеяч: Ёсць такая праблема — праблема грамадскага пакаяння. Мы ведаем шмат сітуацый, калі чалавек павінен па маральнаму закону нешта зрабіць, а ён не робіць. Чаму? А так лягчэй, так надзейней, так кармушка будзе поўная, і так будзе ён сыты, і не хварэць,  і рана не паміраць, і ў турму не пападаць! І такіх сітуацый у кожнага з нас — праблема выбара — кожны дзень міліён. І не кожны з нас у неабходны момант узвышае свой голас. Заўсёды чалавеку трэба пераасэнсоўваць самаго сябе. Гэта праца над самім сабою. Люстрацыя — гэта пачатак працэса грамадскага пакаяння, калі кожны з нас сядзе адзін, паглядзіць у люстэрка сабе ў вочы і ўспомніць, у якіх выпадках ён быў чалавекам, а ў якіх не вельмі чалавекам.

Генадзь Барбарыч, Радыё Рацыя   

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.