З-пад Масквы ва Украіну рушыла гуманітарная калона (абноўлена)



Гуманітарная дапамога Луганску, накіраваная Расеяй пад эгідай Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа, перасячэ ўкраінска-расейскую мяжу на мытным пункце ў Харкаўскай вобласці, паведаміў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.

Дапамога  мірным жыхарам тэрыторыяў, дзе вядуцца баі, неабходная – лічыць польскі сенатар Марэк Бароўскі. Такую дапамогу ўжо даўно павінны былі прадаставіць Украіна і Еўрапейскі звяз. Расея зноў іх апярэдзіла і выкарыстоўвае ўсе магчымасці піару, лічыць палітык:

– З’яўленне расейскага канвою з дапамогай пакажа, што гэта Расея дбае пра грамадзянаў, ніхто не дбае, а толькі Расея. Украіна недапрацоўвае, бо такі ўкраінскі канвой ужо павінен там стаяць. Еўропа прадастаўляе нейкія сродкі, але падаецца, што расейцы хутчэй пакажуць, якія яны добрыя.

Гуманітарную дапамогу прывязуць амаль тры сотні «Камазаў». Сярод адпраўленых грузаў — прадукты харчавання, у тым ліку крупы ды цукар, а таксама медычнае абсталяванне і лекі.

* * *

Аўтакалона з сотняў грузавікоў з расейскай гуманітарнай дапамогай жыхарам усходу Украіны выехала ўночы з панядзелка на аўторак з падмаскоўнага Нара-Фамінска. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ.

Адпраўленне калоны з 280 грузавікоў пацвердзілі ў адміністрацыі Маскоўскай вобласці. У грузавіках каля 2  тысяч тон гуманітарнай дапамогі.

Прэсавы сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў у аўторак выданню “Financial Times”, што калона з гуманітарнай дапамогай Расеі заедзе ва Украіну ў пункт, узгоднены з Кіевам. Ва ўкраінскім Міністэрстве замежных спраў раней паведамілі, што на Луганшчыну ўвойдзе місія, у якой будзе гуманітарная дапамога, прадстаўленая Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, ЗША, ЕЗ, Расеяй, а таксама грузы, падрыхтаваныя ўкраінскім бокам.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама, між тым, перасцярог, што любое ўмяшанне на падставе аказання «гуманітарнай» дапамогі жыхарам украінскіх рэгіёнаў, дзе ідуць баі, можа адбыцца толькі пасля ўзгаднення з урадам Украіны. Пра гэта ён сказаў у час гутаркі з кіраўніком італьянскага ўрада Матэа Рэнца. Яны, у прыватнасці, выказалі меркаванне, што любыя крокі Расеі па няўзгодненым з Украінай «гуманітарным» умяшанні будуць прызнаныя недапушчальнымі ды парушаючымі міжнародныя законы і прывядуць да дадатковых санкцый супраць Масквы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота joyreactor.cc