З сакавіка 2019-га грамадзяне Еўразвязу не змогуць вольна ехаць у Вялікабрытанію



Вольны ўезд грамадзян Еўразвязу ў Вялікабрытанію спыніцца ў сакавіку 2019 года. Пра гэта 31 ліпеня паведаміў прадстаўнік брытанскага прэм’ера Тэрэзы Мэй, інфармуе The Telegraph.

Пры тым ён адмовіўся падрабязней паясніць, як менавіта зменіцца міграцыйная палітыка Злучанага Каралеўства пасля выхаду краіны з аб’яднанай Еўропы, адзначае Reuters.

Да гэтага Мэй выказала гатовасць прадаставіць усім грамадзянам Еўразвязу, пражыўшым у Злучаным Каралеўстве не менш пяці гадоў, сталы від на жыхарства.

Рэферэндум пра выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу адбыўся 23 чэрвеня 2016 года. Паводле яго вынікаў, 51, 9% брытанцаў прагаласавалі за выхад краіны з супольнасці, 48,1% хацелі б застацца ў ЕЗ.

Афіцыйная працэдура выхаду Брытаніі з Еўразвязу стартавала 29 сакавіка 2017 года і зойме каля двух гадоў.

19 чэрвеня ў Бруселі пачаліся перамовы па Brexit. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі і Еўрапейскага звязу ўзгаднілі графік далейшых сустрэч.

Беларускае Радыё Рацыя