З Сяргея Сясіцкага знялі падазрэнні ў экстрэмізме
Сёлета ў красавіку жыхара Віцебска апыталі наконт зместу ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”, дзе ён негатыўна выказваўся пра праявы агрэсіі так званага “рускага свету”. Прадстаўнік крымінальнага вышуку паведаміў, што следчыя праводзяць праверку на наяўнасць прапаганды экстрэмізму або распальвання міжнацыянальнай варожасці, ды забраў у Сяргея Сясіцкага мабільны тэлефон для пошуку доказаў.
Амаль тры месяцы гаспадар нічога не ведаў пра лёс забранай маёмасці. Урэшце ён сам патэлефанаваў у міліцыю, знайшоў адказнага службоўцу ды запытаўся, што чуваць па ягонай справе. Аказваецца, праверка не пацвердзіла ягонай вінаватасці, распавёў Сяргей Сясіцкі:
– Ён мне сказаў, што ў базе пазначана адмова ў адкрыцці крымінальнай справы. Што праверка не выявіла аніякага злачынства. І сказаў, што мой тэлефон знаходзіцца ва ўчастковага, каб я ішоў ды забіраў. Я пайшоў, забраў. Уся інфармацыя на месцы, візуальна ніякіх зменаў няма, усё як было.
Чаму міліцыя трымала тэлефон так доўга без аніякай прычыны, гаспадару не патлумачылі. Што да ягонай прынцыповай грамадзянскай пазіцыі, то праверка на наяўнасць у ягоных выказваннях прыкметаў экстрэмізму Сяргея Сясіцкага не напалохала. Ён кажа, што атрымліваў нават пагрозы фізічнай расправы ад некаторых сваіх апанентаў. Але гэта не змяніла ягонага стаўлення да “рускага свету”, які, на ягоную думку, нясе пагрозу незалежнасці Беларусі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя