З тэрыторыі Беларусі агрэсіі не будзе
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у рамках свайго візіту ва Украіну правёў сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Парашэнка падзякаваў Беларусі за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі для правядзення пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы.
Кіраўнік МЗС Беларусі «выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі на Данбасе і парушэннем менскіх дамоўленасцяў. Ён падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і ў далейшым надаваць неабходнае садзейнічанне ў пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі.
«Украіна — наш добры сусед, з якім мы маем вялікую працягласць мяжы. Паверце, мы хочам, каб гэта была мяжа міру і згоды, а не мяжа разладу і нянавісці», — адзначыў беларускі дыпламат.
Парашэнка і Макей выказалі зацікаўленасць абедзвюх дзяржаў у далейшым развіцці супрацы ў энергетычнай, аграпрамысловай, машынабудаўнічай і авіяцыйнай галінах. Адбыўся таксама абмен думкамі пра перспектывы развіцця ўзаемадзеяння Украіны і Беларусі ў кантэксце супрацы з Еўрапейскім звязам і ўдзелу дзвюх краінаў у рэгіянальных інтэграцыйных працэсах, у прыватнасці — у ініцыятыве «Усходняе партнёрства».
Сёння Макей працягне свой візіт ва Украіну, чакаецца ягоная паездка ў Адэсу.
Беларускае Радыё Рацыя